Мары́ Жанна Бекю́ (фр.: Marie-Jeanne Bécu), у шлюбе графіня Дзюбары (comtesse du Barry, 19 жніўня1746, Вакулёр — 8 снежня1793, Парыж) — афіцыйная фаварытка французскага караля Людовіка XV, пазашлюбная дачка зборшчыка падаткаў Гамара дэ Вабернье (Gomard de Vaubernier). Апроч прозвішчаў маці (Бекю) і бацькі (Гамар), карысталася таксама псеўданімам Ланж (фр.: Lange, ад l’ange — анёл).
Біяграфія
У маладосці была прастытуткай, мадысткай, затым пасялілася ў доме графа Дзюбары. Людовік XV прыблізіў яе да сябе, арганізаваў яе шлюб з братам графа Дзюбары і ў 1769 годзе прадставіў перад дваром.
Міністр Шуазёль дарэмна імкнуўся яе зрынуць і выклікаў гэтым толькі сваё ўласнае падзенне. Хоць яна мала ўмешвалася ва ўрадавыя справы, але спрыяла ўзвышэнню герцага д’Эгільёна і падтрымлівала яго супраць парламента.
Пасля смерці Людовіка XV яна была арыштавана і адпраўлена ў зняволенне ў манастыр. У красавіку 1775 года графіня Дзюбары была вызвалена. Апынуўшыся на свабодзе яна набыла сядзібу ў вёсачцы Сент-Врэн, але пачувала сябе там самотна. У кастрычніку 1776 года міністр Марэпа дамогся для яе каралеўскага дазволу вярнуцца ў Лувесьенскі маёнтак, які Людовік XV перадаў Дзюбары яшчэ ў 1769 годзе ва узуфрукт.
Для графіні Дзюбары ювелір Баемер зрабіў каштоўныя каралі, якія пасля смерці Людовіка XV трапілі ў рукі махляроў і стала прычынай скандальнай справы (гл. Каралі каралевы).
Дзюбары выклікала амаль усеагульную народную нянавісць і лічылася адным з сімвалаў злачынстваў «Старога рэжыму», хоць у рэчаіснасці — як і большасць іншых людзей, якія былі блізкімі да каралеўскага дому і сталі ахвярамі рэвалюцыі, — ні да якіх адыёзных палітычных акцый дачынення не мела. У віну ёй можна паставіць толькі марнатраўства (зрэшты, звычайнае для арыстакратыі таго часу).
Падчас рэвалюцыі была асуджана і гільяцінавана па абвінавачванні ў тым, што нібы дапамагала эмігрантам і ўступіла ў зносіны з прыхільнікамі Брысо (жырандыстамі). Памерла без звычайных у той час цвёрдасці і стаіцызму (ёй прыпісваюць усклік, які яна паўтарыла незлічоную колькасць разоў перад смерцю: «Яшчэ хвіліначку, спадар кат!» фр.: Encore un moment, monsieur le bourreau).
Паводле легенды графіня мела сувязь з катам Анры Сансонам, ад рукі якога і прыняла смерць на эшафоце.