Бровар у Лідзе быў пабудаваны ў 1873 годзе лідскім мешчанінам Носелем Заліковічам Пупко. Завод належаў яму і яго нашчадкам на працягу 3 пакаленняў. У 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, завод быў нацыяналізаваны, ранейшыя гаспадары Пупко засталіся працаваць на заводзе ў якасці служачых. Падчас Вялікай Айчыннай вайны завод працягваў працаваць. У 1943 годзе працоўныя завода-яўрэі былі сагнаныя ў Майданек, некаторым, уключаючы Пупко, удалося збегчы да партызанаў. У 1944 годзе, пасля выгнання нямецка-фашысцкіх войскаў, Пупко ненадоўга вярнуліся ў Ліду, але затым канчаткова пакінулі краіну.
У 1992 годзе Лідскі піўзавод стаў арэндным прадпрыемствам, у 1994 годзе пераўтвораны ў закрытае акцыянернае таварыства, у 2000 годзе — у ААТ «Лідскае піва». У 2004 годзе завод прайшоў рэканструкцыю. У 2008 годзе фінская Olvi PLC выкупіла 51 % акцый ААТ «Лідскае піва» за 16 млн долараў.