Лепшыя паказчыкі ў кожнай з дысцыплін лёгкай атлетыкі ўсталеўваюцца на сусветным і нацыянальным узроўнях і называюцца сусветнымі і нацыянальнымі рэкордамі, таксама рэкорды ўсталёўваюцца на асабістым узроўні. Аднак спартсмены, якія парушылі правілы спаборніцтваў, дыскваліфікуюцца са спаборніцтваў, і іх дасягненні не ўлічваюцца.
Пляцоўкі
Адкрыты стадыён
У большасці выпадкаў лёгкаатлетычны стадыён бывае сумешчаны з футбольным стадыёнам і полем, як то мінскі стадыён «Дынама». У ЗША лёгкаатлетычны стадыён сумешчаны са стадыёнам для амерыканскага футбола або лакросу. Лёгкаатлетычны стадыён стандартна ўключае ў сябе авальную 400-метровую дарожку, якая звычайна складаецца з 8 ці 9 асобных дарожак, а таксама сектараў для спаборніцтваў у скоках і кіданнях. Дарожка для бегу на 3000 метраў з перашкодамі мае асаблівую разметку, а перашкода з вадой вынесеная на спецыяльны віраж.
Прынята вымяраць дыстанцыю на стадыёнах у метрах, як то бег на 10 000 метраў, а на шашы або адкрытай мясцовасці ў кіламетрах, як то крос 10 кіламетраў. Дарожкі на стадыёнах маюць спецыяльную разметку, якая адзначае старт усіх бегавых дысцыплінаў і калідоры для перадачы эстафеты. Часам спаборніцтвы па кіданні молата ці дзіды вылучаюць у асобную праграму ці ўвогуле выносяць за межы стадыёна, бо патэнцыйна снарад, які выпадкова выляцеў за межы сектара, можа нанесці калецтва іншым удзельнікам спаборніцтваў або гледачам.
Закрыты манеж
Стандартна ўключае ў сябе авальную 200-метровую дарожку, якая складаецца з чатырох-шасці асобных дарожак, дарожку для бегу на 60 метраў і сектараў для скачковых відаў. Адзіны від для кіданняў, які ўваходзіць у праграму зімовага сезона ў закрытых памяшканнях, — гэта штурханне ядра; як правіла, ён не мае спецыяльнага сектара і арганізуецца асобна на месцы іншых сектараў. Афіцыйныя спаборніцтвы Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый праводзяцца толькі на 200-метровай дарожцы, аднак існуюць стадыёны з нестандартнай дарожкай, як то 140 метраў, 300 метраў і іншыя.
У манежы на віражах закладваюць пэўны вугал ухілу, звычайна да 18°, які палягчае бегунам праходжанне дыстанцыі на паваротах з малым радыусам крывізны. Пачынаючы з 2006 года, дыстанцыя 200 метраў была выключана з праграмы чэмпіянатаў свету і Еўропы паводле меркаванняў, што ўдзельнікі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы, бо той, хто бяжыць па знешняй дарожцы, знаходзіцца ў самых выгадных умовах. Аднак на некаторых спаборніцтвах забегі на 200-метровай дыстанцыі праводзяцца да гэтага часу.