Патрыярх Іерусаліма ў наш час адзін з трох архібіскупаў лацінскага абраду, якому па гістарычных прычынах нададзены тытул патрыярха, больш характэрны для Усходніх цэркваў. Іншымі дзвюма з'яўляюцца Патрыярх Венецыі і Патрыярх Лісабона (акрамя таго існуе вакантны з 60-х гадоў XX стагоддзя Патрыярхат Заходняй Індыі).
Тытул лацінскага патрыярха Іерусаліма быў адноўлены як дзеючая пасада ў 1847 годзе для біскупа Джузэпэ Валерга. Лацінскі патрыярх Іерусаліма — цяпер дыяцэзіяльны біскуп каталікоў лацінскага абраду на Святой зямлі, уключаючы Іарданію і Кіпр. З чэрвеня 2016 года, калі ў адстаўку ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту падаў патрыярх Фуад Туаль, пасада патрыярха вакантная. Апостальскім адміністратарам патрыярхата з'яўляецца архібіскуп П'ербатыста Піцабала[1]. Рэзідэнцыя Патрыярха знаходзіцца ў Старым горадзе Іерусаліма, у той час як семінарыя, якая з'яўляецца адказнай за літургічную адукацыю, у 1936 годзе была перамешчана ў Бейт-Джалу, горад за 10 км на поўдзень ад Іерусаліма.