У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Сітнік.
Ксенія Міхайлаўна Сітнік (н. 15 мая 1995, Мазыр, Беларусь) — беларуская спявачка, тэлевядучая, журналіст. Лаўрэат дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне» 2005 года, што праходзіў у бельгійскім горадзе Хаселт[2].
Біяграфія
Ксенія Міхайлаўна Сітнік нарадзілася 15 мая 1995 г. у Мазыры. Маці Ксеніі — Святлана Стацэнка — працавала мастацкім кіраўніком у студыі эстраднага спеву «ЮМЭС». Бацька Ксеніі, Міхаіл Сітнік — бізнэсмэн[3].
У 1998 годзе Ксенія паступіла ў ДУ № 34 г. Мазыра. У 2000 годзе яна перамагла на конкурсе «Міс Верасок»[4]. У 2001 годзе пачала займацца ў студыі эстраднага спеву «ЮМЭС», кіраўніцаю якой была яе маці[2].
Ксенія Сітнік удзельнічала ў многіх конкурсах[5]. У 2004 годзе на Міжнародным фестывалі дзіцячага мастацтва «Залатая пчолка» (Клімавічы) Ксенія стала ўладальнікам дыплому першай ступені. У 2005 годзе яна стала пераможцаю ў гарадской алімпіядзе па рускай мове. У ліпені таго ж года Ксенія перамагла ў дзіцячым конкурсе ў рамках фестывалю Славянскі базар у Віцебску[6], што прынесла ёй знакамітасць у Беларусі. Пасля гэтага Ксенія стала знаёма таксама ў Расіі, Польшчы і Германіі, дзякуючы ўдзелу на шматлікіх конкурсах і фестывалях[7].
У лістападзе 2005 года Ксенія Сітнік пераможна прадставіла Беларусь на дзіцячым Еўрабачанні з песняю «Мы вместе». А праз год, 26 лістапада 2006 года адбылася прэзентацыя яе дэбютнага альбому, таксама названага «Мы вместе»[8].
У снежні 2005 года Ксенія сыграла галоўную ролю ў навагоднім мюзікле «Зорная ноч-2006». У мае 2006 года з’явіўся першы кліп спявачкі на песню «Маленький кораблик». Пазней з’явіліся кліпы на песні «Простая песенка» і «Нон-стоп».
Ксенія Сітнік вучылася ў мінскай гімназіі № 8 (скончыла ў 2013 годзе з адзнакай)[4] і у мінскай музычнай школе № 10 (скончыла ў 2010 годзе). Да мая 2009 года была вядучай перадачы «Наша пяцёрачка» беларускага тэлеканала «Лад», пакуль перадача не была закрыта; па афіцыйным дадзеным, перадачу было вырашана закрыць, таму што Ксенія пасталела[9].
15 мая 2010 года, на пятнаццаты дзень нараджэння Ксеніі, у Мінску быў прадстаўлены яе другі сольны альбом «Республика Ксения»[10].
У 2017 годзе Ксенія Сітнік скончыла Англа-амерыканскі ўніверсітэт у Празе, дзе вучылася на журналіста, і атрымала вучоную ступень бакалаўра[11]. Працуе журналістам-фрылансерам у сферы моды[12][13].
Дыскаграфія
- 2006 — «Мы вместе»
- 2010 — «Республика Ксения»
Зноскі
Спасылкі
| |
---|
Фота, відэа і аўдыё | |
---|
Тэматычныя сайты | |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|