Характэрнай рысай комплексу з’яўляецца прастата планіроўкі і спрошчаная архітэктура, уласцівыя канструктывізму і функцыяналізму. Тэрыторыя клінічнага гарадка падзелена цэнтральнай алеяй-праездам на 2 амаль роўныя часткі. Уздоўж цэнтральнай алеі размешчаны 3 лячэбныя карпусы, пабудаваныя па адзінай планіровачнай схеме (3-і паверх акушэрска-гінекалагічнага корпуса падбудаваны ў 1938 г.). Левая частка плошчы гарадка адведзена пад зялёныя насаджэнні, там жа ў глыбіні ўчастка знаходзіцца трохпавярховы 4-ы корпус. Планіроўка ўсіх 4 будынкаў калідорная з аднабаковым размяшчэннем палат і балконамі. Пластыка фасадаў стрыманая.
3 канца 1960-х гадоў комплекс клінічнага гарадка паступова рэканструіруецца. У яго арганічна ўвайшлі новыя карпусы цэнтра дзіцячай хірургічнай дапамогі на 200 ложкаў і тэрапеўтычнага аддзялення на 240 ложкаў. Паміж 2 прамавугольнымі ў плане васьміпавярховымі лячэбнымі карпусамі размешчаны трохпавярховы корпус паліклінікі (на 500 наведванняў штодзень) складанай канфігурацыі плана і выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (архіт. М. Барсукоў). Корпус паліклінікі злучаны з будынкам тэрапеўтычнага аддзялення галерэяй па ўзроўні 3-га паверха. У 1984—1987 гг. пабудаваны 7-павярховы корпус рэўмакардыялагічнага аддзялення, арыентаваны галоўным фасадам да праспекта Незалежнасці (архіт. У. Галіцкі, А. Быкаў).