Першыя паведамленні пра крушэнне пачалі паступаць у 11:12[10]. У 11:48[10] пра здарэнне паведаміў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў. На месца прыбыла следчая група і супрацоўнікі МНС. Мінабароны РФ заявіла, што самалёт перавозіў 65 палонных украінскіх вайскоўцаў, якіх прывезлі ў Белгародскую вобласць на абмен. Непасрэдна перад паведамленнем аб падзенні самалёта, у рэгіёне аб’яўлялі пра ракетную пагрозу, а расійская армія заявіла пра збіты над вобласцю БПЛА[11][12]. Таксама, паводле заявы расійскага боку, на борце знаходзіліся шэсць членаў экіпажа і трое суправаджаючых. Да месца падзення вылецела камісія Паветрана-касмічных сіл. Настаяцель храма Дзімітрыя Салунскага ў сяле Яблонава паведаміў для ТАСС, што самалёт упаў за пяць-шэсць кіламетраў ад вёскі, пры гэтым разбурэнняў на зямлі няма[13].
Telegram-каналы SHOT і Mash напісалі, што абмен палоннымі паміж Расіяй і Украінай па формуле 192 на 192 павінен быў адбыцца 24 студзеня[14]. Як паведаміў кіраўнік камітэта Дзяржаўнай па абароне Андрэй Картаполаў, яшчэ адзін Іл-76 з каля 80 украінцамі развярнуўся пасля крушэння першага. Ён дадаў, што абмены палоннымі цяпер, верагодна, будуць пастаўленыя на паўзу[12].
Крыніца выдання «Українська правда» ва УСУ заявіла, што самалёт пацярпеў крушэнне ў выніку дзеянняў украінскай арміі[15]. Са слоў украінскіх СМІ і вайскоўцаў, самалёт перавозіў ракеты зенітна-ракетнага комплексу С-300 для абстрэлаў Харкаўскай вобласці[16][17][18]. Пасля «Українська правда» выдаліла са сваёй навіны словы крыніцы аб тым, што крушэнне Іл-76 пад Белгарадам стала следствам дзеянняў УСУ[19].
Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў у каментары Bild распавёў, што воблачка дыму ў небе на відэазапісе «вельмі падобна на тое, як быццам там выбухнула зенітная ракета комплексу СПА». На думку Левіева, тэхнічная магчымасць збіць самалёт была ў абодвух бакоў, аднак рабіць канчатковыя высновы рана[12].
Расследаванне
25 студзеня расійскія экстранныя службы знайшлі бартавы самапісец і перадалі яго следчым[20]. Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу аб тэракце пасля крушэння Іл-76. Паводле папярэдняй версіі СК, борт быў атакаваны з тэрыторыі Украіны[21].
У той жа дзень Служба бяспекі Украіны адкрыла крымінальную справу па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны[22].
1 лютага Следчы камітэт РФ заявіў, што паводле вынікаў генетычнай экспертызы «больш за 670 фрагментаў цел» з месца падзення належаць «шасці членам экіпажа, траім супрацоўнікам вайсковай паліцыі і 65 украінскім вайскоўцам»[23].
Рэакцыя
Пасол па асаблівых даручэннях МЗС РФ Радзівон Мірошнік заявіў аб здзяйсненні Украінай «акта вар’яцкага варварства»[24].
У Мінабароны Украіны заявілі, што не могуць ні пацвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю Мінабароны РФ аб украінскіх ваеннапалонных[24]. Саветнік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што «патрэбны час для ўдакладнення звестак»[25].