Падчас акцыі пратэсту ў Брэсце дэманстранты выйшлі на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Рух аўтамабіляў і грамадскага транспарту на ўчастку быў ускладнены. Дэманстранты спявалі песні, вадзілі карагоды да прыезду вадамёта. Следам за вадамётам выбеглі сілавікі і сталі затрымліваць пратэстоўцаў[1]. Паводле звестак следства, былі парушэнні ў працы тралейбусаў (агульны прастой склаў больш за 29 гадзін), спынены рух маршрутаў і сарваны 2 рэйсы гарадскіх аўтобусаў (агульны прастой склаў больш за 5 гадзін), спынены рух двух экспрэсных маршрутаў на 5 хвілін. Акрамя таго, час працы трох гандлёвых кіёскаў і аднаго рэстарана скарацілі на розны час. Была ўзбуджана крымінальная справа[2].
Следства цягнулася больш за год, удзельнікаў акцыі выяўлялі і асуджалі невялікімі групамі, звычайна на некалькі гадоў абмежавання свабоды. Станам на 19 жніўня 2021 года, было выяўлена 114 удзельнікаў акцыі, з іх асуджана 70[3]. Станам на 17 снежня 2021 года, прайшло 11 судоў і асуджана 114 чалавек[4].