Быў французам, нарадзіўся ў Наён у Пікардыі. Вучыўся ў Арлеане і ва ўніверсітэце ў Парыжы. У Парыжы малады Кальвін сутыкнуўся з навучаннем Марціна Лютэра. Выйшаў з каталіцтва, пакінуў Францыю і пасяліўся як выгнаннік у Базэлі. Тут пачаў фармуляваць сваю ўласную тэалогію. У 1536 годзе выдаў трактат «Institutio christianae religionis» (лац. «Навука хрысціянскай рэлігіі»), пазней зрабіў яго пераклад на французскую мову, які ў будучыні станецца адным з класічных тэкстаў маладой французскай мовы.
У 1537 годзе разам з Д. Фарэлям заклікаў жыхароў Жэневы прысягнуць на вернасць пратэстанцкаму вызнанню веры. Гараджане аднесліся да гэтага адмоўна. Калвін вымушаны быў выехаць у Страсбург, дзе Марцін Буцэр, мясцовы кіраўнік рэфармацыі, заахвоціў яго да далейшай дзейнасці. У 1539 годзе Кальвін пачынае публікаваць каментары да некаторых кніг Бібліі.
У верасні 1541 года Яна Кальвіна зноў запрашаюць да Жэневы. Тут, карыстаючы з падтрымкі грамадскай улады, ён засноўвае свой уласны Касцёл. Вернікі ў ім самі выбіраюць сваіх пастыраў, рэлігійны культ мае просты характар і скіраваны выключна да Бога.
Кальвін становіцца фактычным кіраўніком Жэневы. Пад яго ўплывам у горадзе былі адменены ўсе святы, забаронена гульня ў карты, танцы, адведванне тэатру, нашэнне шыкоўных вопратак і інш. Людзей, што не вялі жыццё згоднае з дактрынай кальвінізму і тых, хто яе актыўна асуджаў, выдавалі грамадскім уладам. Ад 1541 да 1546 года ў Жэневе было выдадзена 56 смяротных прысудаў і 78 загадаў на выгнанне. У 1553 годзе Мігель Сервет, актыўны крытык поглядаў Кальвіна, быў арыштаваны ў Жэневе і жывым спалены.
У 1549 годзе Кальвін і Г. Булінгер, спадкаемца Ульрыха Цвінглі, падпісалі Consensus Tigurinus, які прычыніўся да з’яднання швейцарскіх рэфармаваных Касцёлаў.
У 1559 годзе Кальвін засноўвае Жэнеўскую акадэмію да якой прыбываюць вучыцца студэнты з розных краін Еўропы.
У Швейцарыі ў тыя гады заставаліся моцнымі пазіцыі цвінгліянства, што абмяжоўвала распаўсюджванне кальвінізму. У іншых краінах (Нідэрланды, Францыя) колькасць прыхільнікаў Жана Кальвіна пачынае моцна ўзрастаць.
Погляды
На погляды Жана Кальвіна вялікі ўплыў аказала лютэранства. Паводле Кальвіна ўсе чалавечыя веды пра Бога паходзяць выключна з Бібліі. Можна пазнаць Бога толькі калі Ён дасць сябе пазнаць чалавеку. Прабачэнне заганаў і збаўленне чалавека магчыма толькі праз пасрэдніцтва Божае ласкі. Яшчэ да нараджэння чалавеку прызначана, незалежна ад яго будучага жыцця, трапіць пасля смерці ў Рай або ў Пекла. Кальвін лічыў, што Касцёл не можа абмяжоўвацца дзяржаўнай уладай.
Творы
«Навука хрысціянскай рэлігіі» 1536 год — зборны твор, які змяшчае перажытае Жанам Кальвінам на ўласным досведзе. У ім выказаў тэорыю прэдыстынацыі (прадвызначэнне Богам чалавечага лёсу). Паводле яго, таямніца прадвызначэння вынікае з усёмагутнасці Бога. У «Навуцы хрысціянскай рэлігіі» выказаны грамадскі характар кальвінісцкай пабожнасці.