Нацыяналізаваны і ўзяты на ўлік Гарадскім жыллёвым камітэтам у 1924 г. Першапачаткова, па звестках на 1924 г., на першым паверсе мелася 9 пакояў, 14 дзвярэй, 14 вокнаў, на другім паверсе — 2 пакоі, 18 вокнаў, 10 дзвярэй, падлога драўляная. Адна руская, тры галандскія печкі і адна печка невызначаных канструкцыі і вытворчасці[1].
Ацэначны кошт дома на 1924 г. складаў 4 675 руб., знос складаў 60 %. У двары знаходзілася гаспадарчая пабудова. З 1925 г. здадзены ў арэнду членам Саюза будаўнікоў Ісаку Лэйзеру, Арону Волу і Лэйбу Фарберу. З 1928 г. будынак перададзены Магілёўскаму акружному Савету працоўных калектываў абутнікоў пад жыллё і адрамантаваны ў 1928—1929 гг[1].
Помнік жылой архітэктуры. Двухпавярховы мураваны будынак, сіметрычны, прамавугольны ў плане, з высокім цокальным паверхам і сутарэннямі. Маюцца цокальныя вокны. Дах двухсхільны. Гладкія, атынкаваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі без абрамлення, аздоблены падаконнымі цягамі. Паверхі падзелены прафіляваным гзымсавым паяском, на другім паверсе — прафіляваны гзымс[1].
З левага тарца сцены з аднаго боку ўмацаваныя магутным контрфорсам. З бакоў тарцовых фасадаў у 1980-х гг. зроблены прыбудовы. Прыбудова з левага боку мае выгляд рызаліту з фігурным франтонам, у ёй размешчаны галоўны ўваход з лесвіцай і ганкам. Да супрацьлеглага тарца прыбудаваны гараж. Планіроўка паверхаў калідорнага тыпу[1].