Дзяніс Урад (23 чэрвеня 1991) — афіцэр Генеральнага штабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, палітычны зняволены.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Расонах. У 2014 годзе скончыў факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь[1].
Паводле стану на 2021 год год меў чын капітана, служыў сувязістам у Генеральным штабе Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь[1].
Арыштаваны 15 сакавіка 2021 года пасля таго як 14 сакавіка, паводле інфармацыі СМІ, сфатаграфаваў і адправіў тэлеграм-каналу «Нехта» сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова міністру абароны Віктару Хрэніну, у якім Кубракоў незаконна прасіў напярэдадні Дня Волі прыцягнуць 3725 вайскоўцаў для аховы аб’ектаў у Мінску. Удзел вайскоўцаў у ахове аб’ектаў дазволіў бы сканцэнтраваць сілы МУС на супрацьстаянні пратэстам[2]. Утрымліваўся ў СІЗА КДБ («Амерыканцы»).
29 красавіка прызнаны палітычным зняволеным з боку беларускіх праваабаронцаў[3].
31 сакавіка 2021 года кадры з допыту Урада былі паказаныя ў прапагандысцкім фільме «Манкурты» на падкантрольным рэжыму Лукашэнкі тэлеканале «АНТ»[4].
14 мая 2021 года пакараны 18 гадамі зняволення паводле ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве, учыненая асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца»). Вырак вынес суддзя Аляксандр Лупіновіч пасля разгляду справы ў закрытым рэжыме[5].
30 чэрвеня 2021 года шэфства над палітычным зняволеным узяў Енс Гаер, дэпутат Еўрапейскага парламента[6][7].
Сям’я
Жонка — Ірына Урад, мае сына.
Зноскі
Спасылкі