Паводле паддання, родапачынальнікам роду быў нейкі швабскі граф Тасілон[1], аднак ні з якіх іншых гістарычных крыніц ён не вядомы. Па іншай больш дакладнай версіі радавод выводзіцца ад швабскага герцагскага роду Бурхардзінгаў, аднак дакладная сувязь з ім не ўсталявана.
Першым дакладна вядомым прадстаўніком роду быў Бурхард I, які валодаў замкам Цолерн (ням.: Zollern), які знаходзіцца ў паўднёва-заходняй Швабіі, на поўдзень ад Цюбінгена. Ад назвы гэтай скалы вышынёй 855 метраў і пайшла назва дынастыі (ад паўднёванямецкага «хоэнцолер» — высокая скала).
У 1191 годзе граф Фрыдрых III пасродкам шлюбу набыў Нюрнберг. Пры яго сынах у 1227 годзе род падзяліўся на дзве галіны. У 1415 годзе бургграф Нюрнбергскі Фрыдрых VI (1371—1440) з роду Гогенцолернаў атрымаў марку Брандэнбург, стаўшы курфюрстам Фрыдрыхам I.
Дынастыя Гогенцолернаў ужо аднойчы была сімвалам дзяржаўнага адзінства.
У 1990-х гадах Луі Фердынанд заявіў, што пасля ўрэгулявання праблем, звязаных з аб'яднаннем Германіі, германскаму народу павінна быць прадстаўлена магчымасць на рэферэндуме вырашыць пытанне аб усталяванні ў краіне канстытуцыйнай манархіі. Гэта, па яго меркаванні, магло б прывесці да вяртання на прастол дынастыі Гогенцолернаў. Аднак увосень 1994 года ва ўзросце 86 гадоў Луі Фердынанд Гогенцолерн сканаў у Брэмене. 8 кастрычніка 1994 года ў Берліне адбылася афіцыйная цырымонія яго пахаванняў. Новым главой дынастыі стаў Георг Фрыдрых фон Гогенцолерн. У студзені 2011 года было абвешчана аб заручынах прынца Георга і прынцэсы Сафі фон Ізенбург. Грамадзянская цырымонія прайшла ў Патсдаме 25 жніўня 2011 года[2]. Шлюб прайшоў у Царкве Міру ў парку палаца Сан-Сусі ў Патсдаме 27 жніўня 2011 года, у адзначэнне 950-й гадавіны заснавання Дому Гогенцолернаў[3][4]. Шлюб трансляваўся ў прамым эфіры па мясцовым тэлебачанні[2].
Радавыя лініі і галіны
Швабская галіна
Швабская галіна, родапачынальнікам якой быў Фрыдрых IV, атрымала ў спадчыну радавыя ўладанні ў Швабіі. Пры яго нашчадках яна падзялілася на галіны Гогенцолерн-Гехінген і Гогенцолерн-Зігмарынген. Пасля скасавання гэтых княстваў прадстаўнікі абедзвюх ліній былі ўключаны ў прускі каралеўскі дом на правах малодшых прынцаў крыві.
Галіна Гогенцолерн-Гехінген
Родапачынальнікам галіны стаў граф Эйтэль Фрыдрых IV (1545—1605). Яго сын Іаган Георг у 1623 годзе атрымаў княжацкі тытул. Пасля скасавання Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1806 годзе, княства Гогенцолерн-Гехінген далучылася да Рэйнскага саюза, а ў 1815 годзе ўвайшло ў Германскі саюз. Пад ціскам рэвалюцыі, якая ахапіла германскія дзяржавы ў 1848—1849 гадах, князь быў вымушаны пагадзіцца з прыняццем канстытуцыі, аднак беспарадкі не спыніліся. Каб не дапусціць перавароту, Прусія ўвяла свае войскі ў княства. У выніку ў 1849 годзе князь Фрыдрых Вільгельм Канстанцін саступіў свае ўладанні прускаму каралю Фрыдрыху-Вільгельму IV. Пасля смерці Фрыдрыха Вільгельма Канстанціна галіна загасла, аднак існуе яго марганатычнае нашчадства.
Галіна Гогенцолерн-Зігмарынген
Родапачынальнікам галіны стаў граф Карл II.
У 1833 годзе яго нашчадак князь Карл даў краіне канстытуцыю, але цяжкія падаткі (з 1818 па 1848 год яны выраслі ў 6 раз) выклікалі ў 1848 годзе рэвалюцыю. Князь адрокся ад прастола на карысць свайго сына Карла-Антона, але і той не мог супакоіць хваляванняў; краіна была занята прускімі войскамі, і 7 снежня 1849 года князь саступіў яе Прусіі. Княства Гогенцолерн-Зігмарынген было анексавана Прусіяй і пасля ўвайшло ў склад Германскай імперыі.
Старэйшы з сыноў Карла-Антона, Леапольд, быў у 1870 годзе абраны картэсамі ў іспанскія каралі, але ад кароны адмовіўся; тым не менш, яго абранне паслужыла нагодай да франка-прускай вайны. Другі сын, Карл, у 1866 годзе стаў князем (пасля каралём) Румыніі як Караль I; яго нашчадкі кіравалі краінай аж да 1947 года.
Spindler M., Kraus A. Geschichte Frankens bis zum Ausgang des 18. Jahrhunderts. — München: Beck, 1997. — 1466 p. — ISBN 3-406-39451-5
Семёнов И. С. Европейские династии: Полный генеалогический справочник / Научный редактор Е. И. Карева, О. Н. Наумов. Вступительная статья О. Н. Наумов. — М.: ООО «Издательство Энциклопедия», ООО «Издательский дом ИНФРА-М», 2006. — 1104 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-94802-014-2, ISBN 5-16-002720-3