Глей у прыродных умовах знаходзіцца ў цякучым стане, пры высушванні набывае ўласцівасці цвёрдага цела. Утрымлівае вялікую колькасць вельмі дробных фракцый: ад 30 % да 50 % часціц маюць памер меншы за 0,01 мм.
На дне мораў і кантынентальных вадаёмаў (азёр, сажалак) распаўсюджаны глеі, якія складаюцца з тонказярністых прадуктаў разбурэння горных парод (тэрыгенны, гліністы, вапняны глей) і з мікраскапічных ракавін ці шкілетных рэшткаў марскіх арганізмаў (глобігерынавы, дыяматавы, радыёлярыевы глей). Вылучаюць глеі, узбагачаныя вулканічным попелам (вулканічны глей).
Часам глей узбагачаны арганічным рэчывам (сапрапель), раскладанне якога выклікае серавадароднае заражэнне ці развіццё гніласных працэсаў (гнілы глей).
Глей з’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання звязаных асадкавых парод.