«Тлумача́льны сло́ўнік белару́скай мо́вы» (ТСБМ) — першы слоўнік у гісторыі беларускай лексікаграфіі. Створаны ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР пад агульнай рэдакцыяй К. Атраховіча. Выдадзены ў 5 тамах у 1977—1984 гадах выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя»[1].
Змест
Слоўнік тлумачыць значэнні слоў і фразеалагічных зваротаў, вызначае іх унармаванае ўжыванне, вымаўленне і напісанне. Асноўныя задачы — адлюстраванне лексіка-семантычнага стану беларускай літаратурнай мовы ад пачатку ХХ стагоддзя да 1970-х гадоў, садзейнічаць далейшай нармалізацыі беларускай мовы і павышэнню маўленчай культуры беларускага народа, служыць крыніцай для даследчыкаў пры вывучэнні лексічных сродкаў блізкіх па паходжанні моў. У слоўніку змешчана больш за 105 тысяч слоў, фразеалагічных і тэрміналагічных выразаў. Лексічны матэрыял падаецца ў алфавітным парадку[1]. Уключаны навуковыя тэрміны, якія ўжываюцца ў школьных падручніках, у навукова-папулярных выданнях і перыядычным друку; агульнаўжывальная лексіка і фразеалогія, што выкарыстоўваецца ва ўсіх жанрах і стылях беларускай мовы; новыя словы, засвоеныя шырокім колам грамадскасці; іншамоўныя словы, архаізмы і гістарызмы і іншае[2]. Кожнае слова мае граматычную, стылістычную і акцэнталагічную характарыстыкі, цытаты з мастацкай, навуковай і публіцыстычнай літаратуры. Да слоў іншамоўнага паходжання даюцца этымалагічныя даведкі. Не мае ўстарэлых і вузкадыялектных слоў, індывідуальных неалагізмаў, складаных прыметнікаў, якія пішуцца праз злучок, прыслоўяў з прыстаўкай «па-», літарных абрэвіятур[1].
Бібліяграфія
- АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т (бел.). — Мінск: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1977. — Т. 1 А — В. — 604 с.
- АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т (бел.). — Мінск: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1978. — Т. 2 Г — К. — 765 с.
- АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т (бел.). — Мінск: Галоўная рэдакцыя Беларус. Сав. Энцыклапедыі, 1979. — Т. 3 Л — Паняты. — 672 с.
- АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т (бел.). — Мінск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1980. — Т. 4 Паняцце — Р. — 767 с.
- АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т (бел.). — Мінск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 5 кн. 1 С — Улагодзіць. — 663 с.
- АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т (бел.). — Мінск: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984. — Т. 5 кн. 2 Улада — Я, Дадатак. — 608 с.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі