Генрых Луі д'Арэ (ням.: Heinrich Louis d'Arrest; 12 жніўня 1822, Берлін — 13 чэрвеня 1875, Капенгаген) — нямецкі астраном прускага паходжання, адзін з адкрывальнікаў планеты Нептун.
Біяграфія
Быўшы яшчэ студэнтам, д'Арэ дапамог Іагану Гале ў пошуку Нептуна. 23 верасня 1846 ён прапанаваў параўнаць нядаўна замаляваную на падрабязнай зорнай карце частку неба ў той вобласці, у якой Урбен Левер'е прадказаў месцазнаходжанне планеты, з тагачасным выглядам неба, каб знайсці аб'ект (планету), які зрушыўся са свайго месца, у адрозненне ад нерухомых зорак. Нептун быў выяўлены той жа самай ноччу.
З 1857 па 1875 год быў дырэктарам абсерваторыі Капенгагенскага ўніверсітэта.
Адкрыў тры каметы: дзве доўгаперыядычныя — C/1844 Y2 і C/1857 D1, і адну кароткаперыядычную — 6P. Апошняя адкрыта ў 1851 годзе ў Лейпцыгскай абсерваторыі.
Таксама вывучаў астэроіды (адкрыў астэроід (76) Фрэя) і туманнасці.
Узнагароджаны Залатым Медалем Каралеўскага Астранамічнага Таварыства ў 1875 годзе.
Генрых Луі Д'Арэ сканаў у Капенгагене ад разрыву сэрца.
У яго гонар названы кратар д'Арэ на Месяцы, кратар на спадарожніку Марса Фобасе і астэроід 9133 д'Арэ.
Зноскі
Літаратура
- Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. — 2-е изд., перераб і доп. — М.: Наука, 1984. — 224 с. — (Главная редакция физико-математической литературы). — 100 000 экз. Архівавана 4 сакавіка 2016.
Спасылкі