Нарадзіўся ў сям]і Аўгуста Фрэдэрыка Гаўфа, які служыў сакратаром у Міністэрстве замежных справаў, і Вільгельміны Эльзасэр Гаўф; быў другім з чатырох дзяцей. У 1809 яго бацька памёр, і маці разам з дзецьмі перасялілася ў Цюбінген. Тут, у доме дзеда прайшло юнацтва Вільгельма Гаўфа. У 1818 ён пайшоў вучыцца ў манастырскую школу. У 1820 паступіў ва ўніверсітэт Цюбінгена, які скончыў праз чатыры гады са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі.
Пасля заканчэння універсітэта В. Гаўф уладкаваўся на працу рэпетытарам у сям'ю міністра абароны Э. Ю. фон Хёгеля. Разам з гэтай сям'ёй падарожнічаў па Францыі і Германіі, пабываў у Парыжы, Бруселі, Антверпене, Берліне, Лейпцыгу, Дрэздэне, Брэмене.
У студзені 1827 Вільгельм Гаўф атрымаў пасаду рэдактара "Штутгарцкай ранішняй газеты" і ажаніўся са сваёй кузінай Луізай Гаўф, у якую быў закаханы з дзяцінства. А 18 лістапада таго ж года ён памёр ад ліхаманкі.
Творчасць
Зборнік сатырычных нарысаў «Мемуары Сатаны» (1826—27) напісаны ў традыцыях «Фауста» І. В. Гётэ і прысвечаны крытыцы філісцёрства, адначасова гэта пародыя на стыль нямецкіх рамантыкаў. Парадыйнасцю пазначаны і раман «Чалавек з Месяца» (1825). У рамане «Ліхтэнштэйн» (1826) адлюстраваў гістарычны працэс у яго руху і супярэчнасцях. Выдаў «Казкі для сыноў і дачок адукаваных саслоўяў» (т. 1—3, 1826—28). Звяртаючыся да нямецкіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх фальклорных архетыпаў, В. Гаўф у літаратурнай казцы імкнуўся раскрыць народную мудрасць і знайсці адказ на хвалюючыя праблемы сучаснасці («Гісторыя пра маленькага Мука», «Халоднае сэрца» і інш.). Яго навелам уласцівы рысы рэалізму («Атэла», «Жабрачка з Pont des Arts», «Яўрэй Зюс» і інш.).
Літаратурная спадчына Гаўфа складае тры альманахі казак, адзін з якіх быў выдадзены яго жонкай пасля смерці пісьменніка, некалькі раманаў і вершаў.
Ушанаванне памяці
У Баерсброне знаходзіцца «Музей казак Вільгельма Гаўфа» (Hauffs Märchenmuseum), а ля замка Ліхтэнштэйн ля Ройтлінгена (на поўдзень ад Штутгарта) ўсталяваны помнік пісьменніку.
Беларускія пераклады
У 1938 годзе выйшлі асобнымі выданнямі пераклады на беларускую мову яго твораў «Маленькі Мук» і «Карлік Hoc». Але гэтыя казкі перакладаліся не з арыгіналаў, а з рускамоўных перакладаў. Пазней, у 1977 годзе, накладам у 300 000 асобнікаў была выдадзена казка «Маленькі Мук», якую непасрэдна з нямецкай мовы пераклаў Даір Слаўковіч.
Маленькі Мук. — Мн., 1977;
Халоднае сэрца: (аўдыёкніга) / Перакл. А. Бахарэвіча. — Мн., 2009;