Воіны-інтэрнацыяналісты ў Беларусі

Воіны-інтэрнацыяналісты ў Беларусі — ураджэнцы і жыхары Беларусі розных нацыянальнасцяў, якія прымалі ўдзел у замежных канфліктах СССР у рамках выканання інтэрнацыянальнага доўгу. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ветеранах» яны пазначаныя як удзельнікі баявых дзеянняў у іншых краінах.

За ўвесь перыяд існавання СССР этнічныя беларусы, ураджэнцы краіны і будучыя грамадзяне незалежнай Рэспублікі Беларусь пабывалі ў розных «гарачых кропках» Афрыкі, Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі. Замежныя камандзіроўкі праводзіліся яшчэ ў міжваенны перыяд, але ў гады Халоднай вайны здабылі большы размах. Самым маштабным канфліктам па колькасці ўцягнутых беларусаў стала Афганская вайна.

Верыфікацыя даных аб колькасці ўдзельнікаў баявых дзеянняў і загінуўшых працягваецца да гэтага часу[1].

Тэрміналогія і статус

У савецкія гады воінамі-інтэрнацыяналістамі называліся вайскоўцы, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг, гэта значыць накіроўваліся за мяжу для аказання дапамогі дружалюбным СССР рэжымам і нацыянальна-вызваленчым рухам у ваенным будаўніцтве, адбіцці агрэсіі звонку, а ў многіх выпадках і барацьбе з унутранай узброенай апазіцыяй. Найбольшы размах дадзеная практыка атрымала пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Савецкія вайскоўцы ў ролі саветнікаў, спецыялістаў і перакладчыкаў працавалі ў розных краінах Афрыкі, Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі[2]. Афіцыйна савецкія ўдзельнікі лакальных войн і ваенных канфліктаў 1950—1980-х былі прызнаныя ўдзельнікамі баявых дзеянняў і прыроўненыя да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны толькі ў 1983 годзе[3].

У законе Рэспублікі Беларусь «Аб ветеранах» ад 17 красавіка 1992 года воіны-інтэрнацыяналісты пазначаныя як удзельнікі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Да дадзенай катэгорыі аднесены[4]:

« 1.1. вайскоўцы, у тым ліку звольненыя ў запас (адстаўку), ваеннаабавязаныя, якія прызываліся на ваенныя зборы, асобы начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў і органаў дзяржаўнай бяспекі, работнікі названых органаў (уключаючы спецыялістаў і саветнікаў Міністэрства абароны СССР, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў СССР і БССР), якія накіроўваліся ў Афганістан або іншыя дзяржавы альбо праходзілі службу ў складзе Узброеных Сіл СССР на тэрыторыі саюзных рэспублік, і якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях пры выкананні службовых абавязкаў у гэтых дзяржавах;

1.2. вайскоўцы аўтамабільных батальёнаў, якія накіроўваліся ў Афганістан для дастаўкі грузаў у перыяд вядзення баявых дзеянняў;

1.3. вайскоўцы лётнага складу, якія здзяйснялі вылеты на баявыя заданні ў Афганістан з тэрыторыі СССР у перыяд вядзення баявых дзеянняў;

1.4. работнікі (уключаючы членаў лётных экіпажаў паветраных судоў грамадзянскай авіяцыі, якія выконвалі палёты ў Афганістан у перыяд вядзення баявых дзеянняў), якія абслугоўвалі воінскія кантынгенты Узброеных Сіл СССР на тэрыторыі іншых дзяржаў, якія атрымалі раненні, кантузіі або калецтвы альбо ўзнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за ўдзел у забеспячэнні баявых дзеянняў;

1.5. работнікі, якія накіроўваліся ў Афганістан у перыяд са снежня 1979 года па снежань 1989 года, адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін альбо адкамандзіраваныя датэрмінова па ўважлівых прычынах.

»

Дакумент удакладняе, што пералік дзяржаў і перыядаў удзелу беларусаў у замежных канфліктах вызначае Савет Міністраў[4]. Раней спіс складала Міністэрства абароны. У цяпер страціўшым сілу загадзе кіраўніка ваеннага ведамства Андрэя Чумакова пазначаны наступныя пункты[5]:

Раздзел I

Раздзел II

Раздзел III

На 2021 год у пераліку, які таксама пачынаўся з грамадзянскай вайны, утрымліваліся 18 «гарачых кропак». З іх звязаныя з воінамі-інтэрнацыяналістамі:

Дадатак № 2

  • Кітай (сакавік — май 1950, для групы войск СПА)
  • Паўночная Карэя (чэрвень 1950 — ліпень 1953)
  • Венгрыя (1956)
  • Востраў Даманскі (сакавік 1969)
  • Возера Жаланашколь (жнівень 1969)

Дадатак № 3

  • Алжыр (1962 – 1964)
  • Егіпет (кастрычнік 1962 — люты 1975, з перапынкамі)
  • Емен (кастрычнік 1962 — снежань 1969, з перапынкамі)
  • В’етнам (студзень 1961 — снежань 1974)
  • Ангола (лістапад 1975 — лістапад 1992)
  • Сірыя (чэрвень 1967 — кастрычнік 1973, з перапынкамі)
  • Мазамбік (1967 – жнівень 1988, з перапынкамі)
  • Эфіопія (снежань 1977 – лістапад 1990)
  • Афганістан (красавік 1978 — люты 1989)
  • Камбоджа (красавік – снежань 1970)
  • Бангладэш (1972—1973)
  • Лаос (студзень 1960 —снежань 1970, перапынкамі)
  • Ліван і Сірыя (чэрвень 1982)

Па незразумелым прычынам абодва пераліку абыходзяць увагай увод войск у Чэхаславакію (1968) і эфіопа-самалійскі канфлікт[6].

Бягучы «Пералік дзяржаў, тэрыторый і перыядаў вядзення баявых дзеянняў з удзелам грамадзян Рэспублікі Беларусь (былых грамадзян СССР)» на 2024 год уключае вайну ў Карэі (1950—1953 гг.), баявыя дзеянні ў Венгрыі (1956 г.), баявыя дзеянні на востраве Даманскі (сакавік 1969 г.) і беразе возера Жаланашколь (жнівень 1969 г.); і яшчэ 13 войнаў і ваенных канфліктаў, храналагічныя рамкі якіх пастаянна ўдакладняюцца[7]. Усяго паказана 17 «гарачых кропак»[8].

Колькасць і страты

Аляксандра Кузняцова-Ціманава паказвала, што складанасць у вызначэнні колькасці ветэранаў вызначана наступнымі фактамі: 1) некаторыя вайскоўцы прайшлі праз дзве або больш «гарачых кропак»; 2) далёка не ўсе ўдзельнікі лакальных ваенных канфліктаў, у тым ліку кадравыя ваенныя, маюць афіцыйны статус воіна-інтэрнацыяналіста[9]; 3) амаль поўная закрытасць крыніцавай базы; 4) адсутнічаюць выразныя крытэрыі ўдзелу ў тым ці іншым ваенным канфлікце вайскоўцаў і грамадзянскіх спецыялістаў[7].

Па ваенна-саветніцкай рабоце ў Кітаі ў 1920-я гады Ірынай Варанковай выеўлены імёны траіх ураджэнцаў Беларусі[10]. У яе працах, прысвечаным удзелу беларусаў у іспанскім канфлікце, згадана мноства байцоў: 13 танкістаў, 12 авіяспецыялістаў, 3 саветнікі-артылерысты, 3 агульнавайсковых саветнікі, 14 саветнікаў па дыверсійна-разведвальнай дзейнасці і бяспецы, 1 сувязіст, 1 саветнік ВМФ, 1 саветнік СПА. З іх загінулымі названыя 8 танкістаў, 3 лётчыкі і 3 саветнікі па дыверсійна-разведвальнай дзейнасці і бяспецы. У ліку байцоў інтэрбрыгад названыя імёны 32 беларусаў, у тым ліку 1 загінулы[11][12]. За 1937–1941 гады па вайне ў Кітаі Варанкова ўстанавіла імёны 11 чалавек, уключаючы як мінімум 4 загінулых[10], у той час як на сайце пасольства Беларусі ў КНР пазначаны 10 загінулых[13]. Па Карэйскай вайне спецыялістка ўстанавіла як мінімум 19 чалавек. З іх загінула 12, уключаючы 6 авіятараў[14]. Сярод савецкіх ваенных спецыялістаў у В’етнаме таксама былі беларусы; адзін з іх загінуў[15]. Паводле газеты «Звязда», у розны час у Егіпце служыла каля тысячы беларусаў[16]. Па вайне ў Анголе газета назвала лічбу ў прыкладна 160 чалавек, па меншай меры двое загінулых[17].

Колькасць беларусаў, якія пабывалі ў Афганістане, абапіраючыся на даныя 1999 года Рэспубліканскай кнігі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, склала 28 832 чалавекі[18]. Аналагічныя звесткі змяшчаюцца ў зборніку 2014 года «Афганская вайна (1979-1989 гг.): ключавыя аспекты сучаснага асэнсавання» за аўтарствам кафедры сацыяльна-палітычных і гістарычных дысцыплін БрДТУ[19]. На сайце Беларускага саюза ветэранаў паведамляецца пра больш за 32 000 беларусаў-«афганцаў»[20]. Выданне «Мінская праўда» заяўляла пра крыху больш за 30 000, з якіх да лютага 2023 года засталося 22[21].

Па даных БЕЛТА, у «гарачай кропцы» загінуў 771 беларус (у тым ліку 4 жанчыны), 1500 былі паранены, 718 засталіся інвалідамі, 12 прапалі без вестак[22]. У бібліяграфічным даведніку 2019 года «Афганістан. Памяць і боль» адносна інвалідаў ёсць іншая лічба — 702[23]. Паводле аўтараў зборніка БрДТУ, у Афганістане загінулі 723 беларусы[19]. Па падліках А. Кузняцовай-Ціманавай за 2023 год, загінула 840 чалавек, уключаючы этнічных беларусаў з іншых савецкіх рэспублік[24].

Старшыня Мінскага абласнога цэнтра інвалідаў вайны ў Афганістане Аляксандр Камароўскі ў 2013 годзе казаў пра 30 577 грамадзян БССР у Афганістане, уключаючы 789 загінулых, і больш за 5 тысяч у іншых краінах[25]. Яўген Канановіч з газеты «СБ. Беларусь сегодня» ў 2015 годзе пісаў, што ў другой палове XX стагоддзя беларусы выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у 15 краінах. У лакальных ваенных канфліктах загінулі 788 чалавек, з іх 771 — у Афганістане[26]. На 1 студзеня 2016 года, згодна з інфармацыяй Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі пражывала 25 900 ветэранаў канфліктаў на тэрыторыі іншых дзяржаў (у асноўным гэта ўдзельнікі Афганскай вайны)[22].

На 2023 год Кузняцова-Ціманава заяўляла наступныя лічбы загінулых: Афганістан — 840 (уключаючы этнічных беларусаў, народжаных у іншых савецкіх рэспубліках), Ангола — 7, Карэя — 12, Эфіопія — 5, Сірыя — 3, Емен — 1, Венгрыя — 14, В’етнам — 1, Егіпет — 4. На той момант у краіне пражывала больш за 20 тыс. ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў (ураджэнцаў Беларусі і іншых рэспублік СССР). Многія грамадзянскія спецыялісты (настаўнікі, лекары, перакладчыкі, будаўнікі і г. д.), якія працавалі на тэрыторыі ваюючых краін, не атрымалі статусу ўдзельнікаў баявых дзеянняў[27].

Паводле Рэспубліканскай кнігі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на 2024 год, у В’етнаме ваяваў 201 прадстаўнік Беларусі (1 загінуў), у Егіпце — 619 (3 загінула), у Анголе — 127 (2 загінула), у Эфіопіі — 113 (загінула 5)[28].

Кузняцовай-Ціманавай падчас апрацоўкі даных устаноўлены наступныя звесткі[29]:

  • 65 чалавек камандзіраваны ў В’етнам (у студзені 1961 — снежні 1974 гг.). Воінскія званні траіх у крыніцах не пазначаныя, астатнія 62 — афіцэры. З іх: 37 ваенных спецыялістаў, 5 ваенных саветнікаў. Статус 19 афіцэраў не пазначаны.
  • 258 чалавек удзельнічалі ў араба-ізраільскіх войнах на баку Егіпта ў розныя гады (кастрычнік 1962 — сакавік 1963, чэрвень 1967, 1968, сакавік 1969 — ліпень 1972, кастрычнік 1973 — сакавік 1974, чэрвень 1974 — люты 1975), уключаючы 47 (у тым ліку 2 матросы) радавых, 30 малодшых камандзіраў (5 старэйшых матросаў, 10 сяржантаў, 6 старшын, 9 прапаршчыкаў), 66 без указання звання. Астатнія — афіцэры, сярод якіх 26 ваенных саветнікаў, 23 ваенных спецыялісты. Таксама ідэнтыфікаваныя 4 ваенныя перакладчыкі. Выяўлены адзін грамадзянскі спецыяліст, які з’яўляўся савецкім экспертам ААН у праваахоўных органах Егіпта. Прыналежнасць 57 афіцэраў да якой-небудзь з гэтых катэгорый не выяўлена.
  • па ангольскім канфлікце (у лістападзе 1975 — снежні 1992 гг.) устаноўлена 145 імёнаў, а менавіта 3 радавых (з іх 1 матрос, 2 салдаты-кіроўцы), 2 сяржантаў (кіроўцы), 1 старшына, 8 прапаршчыкаў. Асобныя старэйшыя прапаршчыкі аднесены да катэгорыі ваенных спецыялістаў. Сярод афіцэраў — 41 ваенны саветнік, 37 ваенных спецыялістаў, 16 перакладчыкаў. У 31 чалавека катэгорыя не вызначана.
  • па Эфіопіі (1977—1990 гг.) устаноўлена 55 чалавек, 2 з якіх — прапаршчыкі (адзін з іх аднесены да катэгорыі ваенных спецыялістаў). Астатнія — афіцэры, сярод якіх 21 ваенны саветнік, 5 ваенных спецыялістаў, 1 перакладчык. 23 не аднесены ні да адной з катэгорый.

Даследчыца выявіла таксама двух вайскоўцаў, якія пабывалі ў двух і трох «гарачых кропках»[9].

Праблемы

Згодна з Законам «Аб ветеранах», воіны-інтэрнацыяналісты атрымліваюць падтрымку і льготы ў пенсійным забеспячэнні, падаткаабкладанні, ахове здароўя, адукацыі, жыллёвых адносін і іншым[30]. Аднак яны часам сутыкаюцца з адсутнасцю падтрымкі з боку ўладаў. У 2012[31]—2013[25] гадах у СМІ было ўзнята пытанне аб становішчы інвалідаў. Чыноўнікі падкрэслівалі, што інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў прадастаўляюцца льготы і гарантыі, прадугледжаныя для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Меры сацыяльнай абароны гэтай катэгорыі грамадзян вызначаны таксама Законам «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян»[31].

Ветэран Аляксандр Камароўскі скардзіўся на недастатковую падтрымку інвалідаў (па яго словах, часта пенсія аказваецца адзіным крыніц даходаў, таму што працаўладкаванне інвалідаў у краіне абцяжарана[31]), высокі ўзровень самагубстваў, адсутнасць дапамогі для сем’яў памерлых пасля баявых дзеянняў. Як прымеціў Камароўскі, з падтрымкі ў іх ёсць толькі льготны праезд у грамадскім транспарце[25]. Дырэктар дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам «Памяць Афгана» Аляксандр Мятла ў 2012 годзе гаварыў аб стварэнні адмоўнага іміджу ветэранаў[31].

Незадаволенасць удзельнікаў баявых дзеянняў выклікалі ўстаноўленыя ў Пастанове Савета Міністраў ад 28.11.2012 г. №1088 пяць відаў пасведчанняў нацыянальнага ўзору, абумоўленых розным аб’ёмам сацыяльных ільгот і гарантый. Адрозненні ўведзеныя таксама для інвалідаў і грамадзянскіх работнікаў УС СССР. Апошнім выдадзены пасведчанні ў залежнасці ад заслуг і адпаведнага аб’ёму сацыяльных ільгот і гарантый. Воін-«афганец» Сяргей Дзяшук палічыў, што «гэта чарговы намер на падзел», каб ветэранам было складаней адстойваць свае інтарэсы. Аднак в. а. міністра абароны Пётр Ціханоўскі паказаў, што дадзенае рашэнне выключае блытаніну пры прадастаўленні ветэранам і інвалідам сацыяльных ільгот і гарантый у залежнасці ад іх статусу[32].

Ветэран Валерый Гайдукевіч у 2020 годзе адзначыў, што найбольш важнымі пытаннямі сталі адсутнасць палітычнай ацэнкі, сацыяльная дапамога (асабліва забеспячэнне жыллём), памеры пенсіі, недастатковая ўвага да грамадзянскага персаналу з боку дзяржавы і грамадства, грэблівае стаўленне да інвалідаў з боку асобных службовых асоб[33].

Іншым праблемным аспектам стала атрыманне статусу воіна-інтэрнацыяналіста. Як пісаў Сяргей Каламнін, у часткі ўдзельнікаў замежых місій у асабістых справах не засталося пра гэта ніякіх сведчанняў. Часам толькі ставілі штамп «прыкамандзіраваны да в/ч 44708», за якім мелася на ўвазе 10-е ўпраўленне ГШ УС СССР. У постсавецкі перыяд з-за гэтага ў ваенкаматах паўсталі праблемы. Было не зразумела, каму і колькі плаціць «баявых», як налічваць пенсіі і ільготы[2]. Так як місіі былі сакрэтнымі, то ваеннаслужачыя не маглі даказаць, што ваявалі за мяжой. Многія ўнутраныя службовыя дакументы знішчаліся адразу пасля выкарыстання, ніякіх архіваў з унутранай дакументацыяй пра таемную ваенную дзейнасць у іншых краінах не захавалася[34].

Памяць

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года 15 лютага аб’яўлены Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў[35][36].

Як пісала ў 2023 годзе Кузняцова-Ціманава, з сярэдзіны 1980-х актыўна развівалася музеефікацыя і мемарыялізацыя памяці аб воінах-інтэрнацыяналістах. Працэс пачаўся з адкрыцця ў школах музеяў і музейных куткоў, прысвечаных загінулым у Афганістане выпускнікам, у іх гонар называліся піянерскія арганізацыі. Асобным прыкладам ушанавання памяці сталі аб’екты гарадской інфраструктуры: паркі, алеі, скверы. Асноўным варыянтам персаналізаванага ўвекавечання памяці канкрэтных людзей, якія загінулі ў Афганістане і іншых лакальных войнах, з’яўляюцца мемарыяльныя дошкі. Па ініцыятыве «афганцаў» у 1993 годзе быў створаны Віцебскі гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў — адзіны ў рэспубліцы спецыялізаваны музей гісторыі вайны ў Афганістане[37].

Амаль усе помнікі воінам-інтэрнацыяналістам прысвечаны памяці ўдзелу савецкіх вайскоўцаў менавіта ў вайне ў Афганістане, з-за чаго іншыя ваенныя канфлікты апынуліся абыдзены ўвагай, за выключэннем невялікай колькасці выпадкаў. Іншыя «гарачыя кропкі» ў лепшым выпадку згаданыя на мемарыялах, без персаніфікацыі. Гэта тлумачыцца тым, што загінулыя ў Афганістане ёсць амаль ва ўсіх раёнах краіны, а вось загінулыя ў іншых ваенных канфліктах — не, і многія не пахаваныя на малой радзіме, таму там не вядомыя. На 2022 год мелася 29 вуліц у розных населеных пунктах Беларусі, названых у гонар загінулых падчас лакальных войнаў і ваенных канфліктаў землякоў, з якіх 27 — «афганцам»[27].

13 сакавіка 1993 года было заснавана грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»[38]. Таксама створана Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў (БГАВБД ТІД). На 2008 год у ім складаліся ўдзельнікі войн на тэрыторыі 14 краін, а менавіта Егіпет, В’етнам, Алжыр, Лаос, Паўночны і Паўднёвы Емен, Камбоджа, Іспанія, Сірыя і іншыя. Воіны-«афганцы» сюда не ўваходзяць. На той момант Беларусь з’яўлялася адзінай былой савецкай рэспублікай, дзе дзейнічала арганізацыя, якая аб’яднала ветэранаў столькіх канфліктаў[39].

У 2007 годзе прадстаўнікі БГРАВБД ТІД вырашылі стварыць музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яны сабралі экспанаты, арандавалі памяшканне, аднак з-за дрэннага фінансавага становішча арганізацыі ён праіснаваў усяго 4 месяцы. Тады ветэраны звярнуліся ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны[39], які прысвяціў удзелу беларусаў у канфліктах пасля 1945 года залу № 10. Тут прадстаўлены экспазіцыі па Карэйскай, В’етнамскай, Ангольскай, Афганскай войнам, Карыбскім крызісу і араба-ізраільскім канфліктам[40][41].

Удзел суайчыннікаў у лакальных канфліктах XX стагоддзя ў сучаснай Беларусі набыў цікавасць як своеасаблівае «вяртанне імёнаў»[3]. Вывучэннем пытання займаліся ў цэнтры ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі НАН РБ у рамках напрамку «выяўленне і характарыстыка комплексу айчынных і замежных дакументальных і гістарыяграфічных крыніц, у якім адлюстраваны маштаб і ступень удзелу беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў войнах і ваенных канфліктах XX ст.», што прапрацоўвалася Ірынай Варанковай і Аляксандрай Кузняцовай-Ціманавай[42].

Зыходзячы з афіцыйнай пазіцыя краіны ў выпускаемай публіцыстыцы, у дзяржаве склалася паважлівае стаўленне да памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, а ўдзелам беларусаў у замежных войнах ганарацца[43].

Гл. таксама

Крыніцы

  1. Кузнецова-Тимонова 2024.
  2. а б Сергей Коломнин. Особенности интернационального долга // Солдат удачи : журнал. — №2. — 2008.
  3. а б Ветераны Великой Отечественной войны – участники локальных военных конфликтов 2-й половины ХХ века (на примере представителей Беларуси) // Кузнецова-Тимонова, А. В. Трагедия и мужество белорусского народа в годы Великой Отечественной войны / А. В. Кузнецова-Тимонова // Беларусь і Германія: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнар. навук. канф., Мінск, 7 крас. 2023 г. / Мінскі дзярж. лінгвіст. ун-т. – Мінск, 2024. – Вып. 22. – С. 217–223.
  4. а б Закон «О ветеранах» 1992, Ветераны боевых действий на территории других государств.
  5. Приказ Министерства обороны Республики Беларусь от 01.10.1997 № 524 "Об утверждении Перечня стран и периодов боевых действий с участием граждан Республики Беларусь"
  6. Кузнецова-Тимонова, А. В. Солдаты «Холодной войны» // "Милиция Беларуси", 2021, № 2.
  7. а б Кузнецова-Тимонова 2024, с. 85.
  8. Кузнецова-Тимонова 2023, с. 86.
  9. а б Кузнецова-Тимонова 2024, с. 87.
  10. а б Воронкова, И.Ю. Крепкой дружбою сильны: Белорусский аспект советско-китайских отношений в 1920–1950-е годы // Беларуская думка : журнал. — 2015. — № 6. — С. 18—25.
  11. Воронкова И. Ю., Беларусь и война в Испании (1936—1939) / И. Ю. Воронкова; НАН Беларуси, Институт истории. — Минск: Белорусская наука, 2009. — 159 с.
  12. Ирина Воронкова. Первая схватка с фашизмом // Беларуская думка : журнал. — 2016. — № 6. — С. 82—89.
  13. Списки воинов-белорусов, павших в боях за освобождение Китая в ходе национально-освободительной войны китайского народа против японских милитаристов (1937-1945 гг.)
  14. Воронкова, И.Ю. На полуострове раздора // Беларуская думка : журнал. — 2018. — № 6. — С. 84—91.
  15. Беларусь-Вьетнам: Вьетнамский народ посетил могилу Михаила Брындикова (фото и видео). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2022. Праверана 30 верасня 2023.
  16. Канюта і Паваляеў 2016, Вайна на знясіленне.
  17. Канюта і Паваляеў 2016, Ангольскае супрацьстаянне.
  18. Республиканская книга памяти воинов-интернационалистов / Г. П. Пашков [и др.]. — Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 1999 — С. 5—6.
  19. а б Авторский коллектив. Афганская война (1979-1989 гг.): ключевые аспекты современного осмысления: Материалы региональной научно-практической конференции, Брест, БрГТУ, 11 февраля 2014 года / Под ред. М.В. Стрельца, Ю.Д. Данилова. – Брест: УО «БрГТУ», 2014. — стр. 8.
  20. ИСТОРИЧЕСКАЯ СПРАВКА О ВОЙНЕ В АФГАНИСТАНЕ
  21. Андрей Мегас. «Страна песков и серых скал»: белорусский след в Афганистане // Мінская праўда : газета. — 15 февраля 2023.
  22. а б Около 30 тыс. граждан Беларуси приняли участие в войне в Афганистане // Белта : информационное агентство. — 12 февраля 2016.
  23. Авторский коллектив. Афганистан. Память и боль // Биобиблиографический справочник / составитель И. Н. Илюшина. — Гродно: Гродненская городская центральная библиотека имени А. Е. Макаёнка, 2019. — 44 с. — стр. 5.
  24. Кузнецова-Тимонова А.В. Увековечение памяти воинов-интернационалистов, погибших в ходе локальных воин и военных конфликтов 1950 - 1991 гг., в Беларуси: проблемы и перспективы // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. Гуманитарные науки. — № 1. — С. 83—85.
  25. а б в «Воины-интернационалисты бесправны в «сильной и процветающей Беларуси» // Салідарнасць, 15 февраля 2013
  26. Евгений Кононович. С какими трудностями сталкивались советские солдаты и офицеры в “локальных” войнах // СБ. Беларусь сегодня, 6 ноября 2015
  27. а б Кузнецова-Тимонова 2023, с. 83.
  28. Кузнецова-Тимонова 2024, с. 86.
  29. Кузнецова-Тимонова 2024, с. 86—87.
  30. Закон «О ветеранах» 1992, Статья 17 Меры социальной защиты ветеранов боевых действий на территории других государств.
  31. а б в г Воины-афганцы в обиде на государство // Naviny.by, 13 февраля 2012
  32. Анна Крючкова. Правительство считает разделение воинов-интернационалистов на 5 категорий обоснованным // Аргументы и факты, № 38 от 18 сентября 2013 года
  33. Максим Осипов. Афганская кампания: оценки с позиций сегодняшнего дня Архівавана 15 кастрычніка 2023. // СБ. Беларусь сегодня : газета. — 11 февраля 2020.
  34. Сергей Коломнин. Забытые ветераны Африки и порванные бумажки // Независимая газета, 28.10.2011
  35. УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 26 марта 1998 г. № 157 О государственных праздниках, праздничных днях и памятных датах в Республике Беларусь – Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
  36. Кузнецова-Тимонова 2023, с. 85.
  37. Кузнецова-Тимонова 2023, с. 83—84.
  38. Віктар Іванчыкаў. Беларускаму саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане — 30 гадоў! Архіўная копія ад 15 кастрычніка 2023 на Wayback Machine // Звязда : газета. — 16 сакавіка 2023.
  39. а б Страха не зная, сражались в Лаосе, Камбодже, Китае… // СБ. Беларусь сегодня, 27 февраля 2008
  40. Канюта і Паваляеў 2016, Прэамбула.
  41. Кузнецова-Тимонова 2023, с. 84.
  42. Афіцыйная старонка Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі на сайце Інстытута гісторыі НАН РБ
  43. Сивов А. Н. Влияние современной российской публицистики и публицистики стран-бывших союзных республик на культурную интеграцию или дезинтеграцию этих государств в контексте их исторической политики на примере афганского конфликта // Международный журнал гуманитарных и естественных наук. — 2018.

Літаратура