Цадкін нарадзіўся 14 ліпеня 1890 у Віцебску. Бацька, Яфім Цадкін, хрысціўся, быў прафесарам класічных моў у Смаленскай семінарыі, маці — Сафі Лестэр — паходзіла з сям'і шатландскіх караблебудаўнікоў. Вучыўся ў Віцебскай школе. У 1905 быў адпраўлены да сваякоў на поўнач Англіі, браў урокі скульптуры ў мясцовай мастацкай школе. У 1905—1909 жыў у Лондане, пастаянна наведваў Брытанскі музей, вучыўся ў Політэхнічнай школе. З 1910 пасяліўся ў Парыжы, на Манпарнас, працаваў у «Вуллі» («Ла руш»). У 1911 яго працы былі выстаўлены ў восеньскім Салоне і Салоне незалежных. Зблізіўся з Апалінэрам, Бранкузі, Пікаса, Бурдэлем, Мацісам, Дэланэ, Мадыльяні (які пакінуў графічны партрэт Цадкіна, 1913—1914). У 1914—1915 выстаўляўся ў Берліне, Амстэрдаме, Лондане. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, быў атручаны газамі, дэмабілізаваны ў 1917, перажыў зацяжны душэўны крызіс.
У 1921 выйшла першая манаграфія пра Цадкіна ўплывовага мастацкага крытыка Марыса Рэйналя. Яго выстаўкі прайшлі ў Токіа, Грэноблі, рэтраспектыва яго работ была прадстаўлена ў 1926 у Парыжы.
У доме на парыжскай вуліцы д'Асас (VI акруга), дзе Цадкін пасяліўся ў 1928, пасля яго смерці адкрыты музей. Імем скульптара названая вуліца ў XIII акрузе Парыжа.
Літаратура пра мастака
БЭ ў 18 тамах, Т.17, Мн., 2003, С.81
Raynal M. Ossip Zadkine. Rome: Éditions «Valori Plastici», 1921
Ossip Zadkine. Santpoort: C.A. Mees, 1929
Cassou J. Ossip Zadkine. Amriswil: Bodensee-Verlag, 1962
Spiteris T. Ossip Zadkine. Milano: Fratelli Fabbri, 1966.