Выхаванец мінскай «Змены», гуляў за барысаўскі БАТЭ, з якім стаў чэмпіёнам краіны. З 2000 года пачаўся легіянерскі перыяд кар’еры, дзе найбольш паспяховым быў перыяд у румынскім «Сцяўа» (два тытулы чэмпіёна Румыніі). У 2013 годзе разам з іншым румынскім клубам, «Петралулам», выйграў Кубак Румыніі.
У ліпені 2013 года вярнуўся на радзіму, стаўшы іграком «Тарпеда-БелАЗ». У жодзінскім клубе заняў месца асноўнага брамніка замест атрымаўшага траўму Паўла Часноўскага.
У снежні 2013 года падоўжыў кантракт з «Тарпеда-БелАЗ». У сезоне 2014 працягваў быць асноўным брамнікам жодзінскага клуба. 6 чэрвеня 2014 года ў матчы супраць «Гомеля» ў соты раз захаваў свае вароты ў недатыкальнасці, тым самым уступіўшы ў клуб «сухіх» брамнікаў[3]. У жніўні 2014 года перастаў трапляць у склад жодзінскага клуба, і па заканчэнні сезона 2014 пакінуў клуб[4].
У лютым 2015 года трэніраваўся з дублем мінскага «Дынама», пазней з асноўным складам клуба адправіўся на збор у Турцыю. 19 сакавіка 2015 года падпісаў кантракт з дынамаўцамі[5]. У пачатку сезона 2015 некаторы час з’яўляўся ў стартавым складзе дынамаўцаў. У маі 2015 года стаў гуляючым трэнерам брамнікаў «Дынама» ў штабе новага галоўнага трэнера Вука Рашавіча[6] і з таго часу больш не з’яўляўся на полі, саступіўшы месца Аляксандру Гутару. У ліпені 2016 года разам з Рашавічам пакінуў «Дынама»[7].
У жніўні 2016 года стаў трэнерам брамнікаў клуба «Крумкачы»[8]. У кастрычніку таго ж года, пасля таго як галоўны трэнер «Крумкачоў» Алег Дулуб перайшоў на працу ў львоўскія «Карпаты», застаўся кіраваць камандай разам з Якавам Залеўскім[9]. У студзені 2017 года абвясціў аб тым, што пакідае «Крумкачы»[10], аднак ужо ў сакавіку вярнуўся ў трэнерскі штаб каманды[11].
У верасні 2017 года ўвайшоў у трэнерскі штаб Алега Дулуба ў адэскім «Чарнаморцы»[12]. У снежні таго года ўслед за Дулубам пакінуў украінскі клуб[13].
У студзені 2018 года ўслед за Дулубам увайшоў у трэнерскі штаб барысаўскага БАТЭ ў якасці трэнера брамнікаў[14]. У чэрвені 2018 года, неўзабаве пасля звальнення Дулуба з БАТЭ, таксама пакінуў клуб[15].
У жніўні 2018 года стаў трэнерам брамнікаў брэсцкага «Дынама»[16]. Пакінуў пасаду ў верасні 2020 года[17].
У чэрвені 2021 года ўвайшоў у трэнерскі штаб Вука Рашавіча ў саудаўскім клубе «Аль-Фейха»[18]. У студзені 2022 года быў прадстаўлены ў якасці трэнера брамнікаў «Львова», які ўзначальваў Алег Дулуб[19]. Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў красавіку 2022 года стаў трэнерам брамнікаў у акадэміі румынскага «Сцяўа»[20].
Грамадская дзейнасць
18 жніўня падпісаў адкрыты ліст прадстаўнікоў спартыўнай галіны Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года[21].
У верасні 2022 года, калі вярнуўся ў Беларусь для правядзення аперацыі на калене, быў затрыманы, на яго была заведзена крымінальная справа. У снежні 2022 года за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» быў прысуджаны да двух гадоў дамашняй «хіміі»[22].