Валасны суд (руск.: волостной суд) — найніжэйшы саслоўны сялянскі суд у Расійскай імперыі ў 2-й палове XIX — пачатку XX ст. Уведзены ў ходзе сялянскай рэформы 1861 года.
Арганізацыя і дзейнасць валасных судоў спачатку рэгулявалася «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці» ад 19 лютага 1861 года, а потым «Часовымі правіламі аб валасным судзе ў мясцовасцях, у якіх уведзена Палажэнне аб земскіх участковых начальніках» ад 12 ліпеня 1889 года, а таксама мясцовымі звычаямі.
Паводле Агульнага палажэння 1861 года валасны сход штогод выбіраўся валасным сходам у колькасці ад 4 да 12 суддзяў. Пасяджэнні праводзіліся 2 разы на месяц, звычайна ў нядзелі, у складзе не менш як 3 суддзяў. Разглядаў цывільна-прававыя спрэчкі сялян аб абавязацельствах, здзелках, праз прычыненне шкоды, спрэчкі аб рухомай і нерухомай маёмасці і іншае, а таксама адміністрацыйныя правапарушэнні, за якія накладаліся штрафы да 3 рублёў, арышт да 7 дзён, пакаранні розгамі. Рашэнні валасных судоў у межах яго кампетэнцыі былі канчатковымі, але з 1866 года маглі быць скасаваны павятовым міравым з’ездам (з’ездам міравых суддзяў). Першапачаткова валасныя суды на Беларусі разглядалі справы на аснове звычаёвага права, а судаводства ў цывільных справах мела прымірэнчы (трацейскі) характар. За выкананнем рашэнняў валаснога суда назіраў валасны старшына, але ў дзеянні суда ён не меў права ўмешвацца.
Часовыя правілы 1889 года (на Беларусі ўведзены 12 чэрвеня 1900) змянілі парадак фармавання і падсуднасць валасных судоў, паставілі іх пад кантроль земскіх участковых начальнікаў. Паводле правіл, валасны суд складаўся з 4 суддзяў, якіх зацвярджаў земскі начальнік з 8 кандыдатаў (выбіраліся сельскімі грамадамі на 3 гады); ён жа мог адхіліць суддзяў ад пасады. Старшыня валаснога суда прызначаўся з ліку суддзяў павятовым з’ездам земскіх участковых начальнікаў. Паводле правіл 1889 года, суддзямі валаснога суда маглі быць сяляне-гаспадары не маладзейшыя за 35 гадоў, па магчымасці пісьменныя. Суддзямі не маглі быць сяляне, якія займалі іншыя адміністрацыйныя пасады, а таксама асуджаныя да турэмнага зняволення, цялеснага пакарання і інш. Суддзям плацілі ўзнагароджанне. Правілы 1889 года перадалі валасным судам частку спраў, якія раней разглядаліся міравымі суддзямі: грамадзянскія справы з памерам іску да 300 рублёў (акрамя некаторых спрэчак аб праве ўласнасці або валодання), дробныя крымінальныя справы (аб крадзяжах на суму да 50 рублёў і іншыя), некаторыя адміністрацыйныя парушэнні. Таксама павялічылася мера пакаранняў, што накладаліся валаснымі судамі (штрафы да 30 рублёў, арышты да 15 дзён і іншыя). Скаргі не рашэнні валасных судоў разглядалі земскія начальнікі і павятовыя з’езды земскіх начальнікаў.
Вызначальнымі рысамі дзейнасці валасных судоў былі іх залежнасць ад мясцовай адміністрацыі, недасканаласць заканадаўства, непісьменнасць суддзяў. Інстытут валасных судоў быў скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.
Крыніцы
Літаратура