У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл.
Бярозка.
Бяро́зка, Верхняя Крывіна — рака ў Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах Віцебскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Крывінка (басейн Заходняй Дзвіны).
Даўжыня ракі 34 км. Плошча вадазбору 330[2] (348) км². Сярэдні расход вады ў вусці 2,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰.
Пачынаецца з возера Бярозаўскае, цячэ па Чашніцкай раўніне ў Сенненскім раёне і Полацкай нізіне ў Бешанковіцкім раёне. Упадае ў Крывінку на паўднёвы ўсход ад Бешанковічаў паблізу ад вёсак Верхняе Крывіна і Кошчава.
Даліна і абалона невыразныя, асабліва ў межах, дзе рака цячэ па балоце. Рэчышча ад вёскі Буднікі да вёскі Арляны на працягу 21 км каналізаванае, шырыня 8—20 м.
Асноўныя прытокі — рэкі Вітунь (леваруч) і Арлянка (праваруч). У басейне ракі азёры Альшанка, Сянно, Бярозаўскае, Бароўка, Добрына, Сосна і інш.
Уздоўж ракі знаходзяцца вёскі Арляны, Рубеж, Ганкавічы, Буднікі, Крывое Сяло.
Рэжым Бярозкі вывучаўся ў 1926—1934 гадах на гідралагічным пасту Ганкавічы.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі