Трохпавярховы будынак пабудаваны ў 1893 годзе, аўтар праекта — В. Ф. Нябольсін.
Вясной 1919 года праз кароткі час пасля закрыцця гімназіі знаходзілася канцылярыя Гродзенскай беларускай губернскай управы. З восені 1919 да пачатку 1921 года працавала беларуская школа. У далейшым будынак выкарыстоўваўся толькі ў адукацыйных мэтах. На 1926 год працавала жаночая настаўніцкая семінарыя імя Э. Ажэшка (дырэктар Швяйкоўская). У 1940—1941 гадах дзейнічаў настаўніцкі інстытут[1], першы на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Будынак шчасна перажыў вайну і ў 1944 годзе ў ім пачаў дзейнічаць педінстытут, на базе якога ў 1978 годзе адкрыты Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, якому будынак жаночай Марыінскай гімназіі належыць і па гэты дзень.
Перад будынкам універсітэта ў 1964 годзе пастаўлены бронзавы бюст Янкі Купалы скульптара З. Азгура. Гэта не адзіны помнік, што стаяў каля будынка былой гімназіі. Пасля ўсталявання савецкай улады ў 1939 годзе злева ад параднага ўвахода ў настаўніцкі інстытут з’явілася трохметровая выява Сталіна, якую ў чэрвені 1941 года мясцовыя жыхары скінулі з пастамента[1].
Будынак Г-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад вылучаны двумя бакавымі рызалітамі. Дом абліцаваны жоўтай цэглай. Строгі характар будынку надае выразны рытм аконных праёмаў. Планіроўка дома — аднабаковае размяшчэнне класных пакояў. Вакол двух лесвічных клетак знаходзіліся тэхнічныя памяшканні і лабараторыі.