Бро́нная слабада́ (руск.: Бронная слобода) — гістарычная мясцовасць на тэрыторыі сучаснай Масквы, у паўночна-заходняй частцы Землянога горада, недалёка ад Нікіцкай брамы Белага горада. Месца пасялення майстроў па вырабу броні (адсюль і назва), панцыраў, кальчуг і халоднай зброі ў XVI—XVII стагоддзях. Знаходзілася паміж Малой Нікіцкай і Цвярской вуліцамі і паміж Вялікай Броннай вуліцай і Спірыдонаўскім завулкам.
У 1570 годзе цар Іван IV Грозны пасяліў тут яшчэ іншаземных майстроў-шабельнікаў, паланёных у час Інфлянцкай вайны 1558—1582 гадоў. Сярод іх былі і беларусы. У 1632 годзе налічвала 103 двары. Пазней у слабадзе паселены збройнікі, вывезеныя з Беларусі ў час вайны 1654—1667 гадоў. У выніку гэтага склад насельніцтва слабады да канца XVII стагоддзя змяніўся: тут не засталося ніводнага «бронніка», а жылі пераважна кавалі і збройнікі. Сярод іх беларускія майстры: пішчальнікі (Васіль Быхавец, Максім Іваноў і іншыя), шабельнікі (Рыгор Іваноў, Іван Анісімаў і іншыя), станочнікі (Максім Міхайлаў, Андрэй Трафімаў і іншыя). У 1672 годзе частка беларускіх майстроў пераведзена з Броннай слабады ў наваствораную Мяшчанскую слабаду.
Зброя беларускіх майстроў захоўваецца ў зборы агнястрэльнай зброі Крамлёўскай Аружэйнай палаты.
Першапачаткова Бронная слабада падпарадкоўвалася Прыказу Вялікага палаца, пазней — Збройнай палаце. Да нашых дзён захавалася царква Іаана Багаслова на Броннай (1652—65, 1694; Багаслоўскі завулак, 4). У XVIII стагоддзі слабоды былі скасаваны, на гэтай тэрыторыі пачалі будавацца дамы вяльможаў і ваенных. Назва слабады дайшла да нас у назвах Вялікай і Малой Бронных вуліц. Заняткі насельніцтва Броннай слабады замацаваліся ў назвах Палашоўскага завулка і кірмаша.
Зноскі
Літаратура