Курфюрства Браўншвайг-Люнебург (ням.: Kurfürstentum Braunschweig-Lüneburg), якое часта неафіцыйна звалася па сваёй сталіцы Курфюрства Гановер (ням.: Kurfürstentum Hannover) — дзяржава ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Гісторыя
У 1692 годзе імператар Леапольд I за дапамогу ў час вайны Аўгсбургскай лігі ўзвёў герцага Браўншвайг-Каленбергскага Эрнста Аўгуста ў курфюрсты. Гэта выклікала пратэсты, і Рэйхстаг Свяшчэннай Рымскай імперыі зацвердзіў гэта павышэнне ў рангу толькі ў 1708 годзе. Афіцыйнай назвай курфюрства стала Chur-Braunschweig-Lüneburg, аднак па герцагскай сталіцы Гановеры яго сталі часта называць Chur-Hannover ці Kurhannover.
У 1714 годзе Георг Людвіг стаў каралём Вялікабрытаніі пад імем «Георг I», і з той пары Вялікабрытанія і курфюрства сталі кіравацца ў рамках асабістай уніі. У 1728 годзе спадчынікам Георга I стаў Георг II, і імператар Карл VI афіцыйна падарыў яму Саксен-Лаўэнбург, канчаткова ўзаконіўшы захоп, здзейснены ў канцы XVII стагоддзя. У 1731 годзе Георг II далучыў да Брэмен-Вердэна былы саксен-лаўэнбургскі эксклаў Гамельн, які перайшоў у 1689 годзе пад прамое імперскае кіраванне. У 1733 годзе Георг II таксама вымусіў Карла IV падарыць яму і Брэмен-Вердэн.
У 1803 годзе, у час германскай медыятызацыі, да курфюрства былі далучаны землі расфарміраванага Оснабрукскага княства-біскупства. У тым жа годзе Вялікабрытанія абвясціла вайну Францыі, і ў курфюрства ўварваліся французскія войскі. У 1805 годзе з пачаткам вайны трэцяй кааліцыі французскія войскі сышлі з курфюрства, і яно было занята войскамі праціўнікаў Францыі; і ў снежні французскі ўрад перадаў курфюрства, якім яно ўжо насамрэч не валодала, каралеўству Прусія, якое захапіла гэтыя землі ў 1806 годзе. У жніўні 1806 года Свяшчэнная Рымская імперыя была ліквідавана, і тытул «курфюрст» страціў сэнс. Неўзабаве Прусія выступіла супраць Францыі, але была разбіта, і Браўншвайг-Люнебург ізноў перайшоў у рукі французаў.
У 1807 годзе было ўтворана каралеўства Вестфалія, у склад якога ўвайшлі, у прыватнасці, землі, якія ўваходзілі ў склад Браўншвайг-Люнебурга герцагства Браўншвайг-Вольфенбютэль. У 1810 годзе ў склад Вестфаліі былі таксама ўключаны сам Гановер і Брэмен-Вердэн (але не Саксен-Лаўэнбург). Аднак урад Георга III не прызнаў французскую анексію і тэрытарыяльныя змены, і органы ўлады Браўншвайг-Люнебурга працягнулі функцыянаваць у Лондане, дзе быў сфарміраваны Каралеўскі Германскі легіён.
Змест артыкулаў мусіць быць правяральным або іх могуць выдаліць. Вы можаце адрэдагаваць артыкул і дадаць спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы. Шаблон пастаўлены 8 ліпеня 2017 года.