На старонках газеты БНСП пісалася, што беларускі нацыяналізм патрэбны як супраціўленне палітыцы паланізацыі і русіфікацыі. Сацыялістычныя погляды вынікалі з крытыкі марксізму, гаспадаркі і палітыкі ў БССР. Аўтары крытыкавалі марксізм, ставячы яму ў віну ідэю дыктатуры пралетарыяту, не прыдатную ў пераважна аграрным беларускім грамадстве. Найперш беларускі нацыянал-сацыялізм зводзіўся да змагання за незалежнасць і паляпшэння жыцця, за дабрабыт усяго беларускага народу. Найбольш шкодным для беларусаў лічыўся інтэрнацыяналізм. Жыдоў лічылі галоўнымі вінаватымі ў эканамічным заняпадзе беларусаў, палякі вінаваціліся ў паланізацыі, а рускія — у русіфікацыі беларускага народу. Узорам для беларускіх нацыянал-сацыялістаў быў адпаведны нямецкі рух[2].
У траўні 1935 года беларускія нацыянал-сацыялісты Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі і Павел Арцішэўскі для папулярызацыі ідэй БНСП увайшлі ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта. БНСП займала выразныя антысавецкія і антыкамуністычныя пазіцыі, не прымала ідэі кансалідацыі заходнебеларускага руху. У праграме 1936 яе лідары дэкларавалі замену капіталістычнага ладусацыялістычным. Падкрэслівалася, што «палітычным ідэалам ёсць незалежная і аб’яднаная беларуская дзяржава ў яе этнічных межах». Актывісты хацелі ў хуткім часе склікаць з’езд. Для пашырэння ідэй члены БНСП чыталі лекцыі ў Беларускім студэнцкім саюзе[2].
8 снежня 1936 года ў БНСП увайшла група Беларускіх незалежных радыкалаў на чале з Канстанцінам Юхневічам[2]. Польскія ўлады, занепакоеныя кантактамі Акінчыца з Замежным бюро Нямецкай нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі (NSDAP — ННСРП) у 1936 годзе адмовілі ў правядзенні з’езда[1]. У траўні і чэрвені 1937 года ў асобных паветах прайшлі канферэнцыі сяброў і прыхільнікаў БНСП. На іх абмяркоўваліся пытанні ўтварэння ЦК і статута партыі. У выніку нарад быў абраны ЦК БНСП у складзе: Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі, Канстанцін Юхневіч, Алёйзы Пецюкевіч і Антон Сапко. Фабіян Акінчыц заняў пасаду старшыні, Уладзіслаў Казлоўскі — сакратар, Канстанцін Юхневіч — скарбнік[2].
18 кастрычніка 1937 года ЦК БНСП атрымаў ад віленскага ваяводы Людвіга Бацянскага распараджэнне аб забароне дзейнасці на тэрыторыі пагранічнай паласы (30 км ад дзяржаўнай граніцы), такія ж забароны выдадзеныя і іншымі ваяводствамі: Палескім (29 верасня), Беластоцкім (30 верасня), Навагрудскім (11 кастрычніка). 7 лістапада 1937 года ЦК БНСП пастанавіў перанесці сядзібу і рэдакцыі «Новага Шляху» ў Ліду на вуліцу Ціхую, 4. Забарона дзейнасці ў Вільні моцна абмежавала дзейнасць партыі, звёўшы яе да правінцыйнага ўзроўню[2].
У канцы 1937 года Фабіян Акінчыц вярнуўся на сваю гаспадарку Акінчыцы пад Стоўбцамі. Увесну 1939 года Акінчыц выязджае ў Берлін, дзе сярод іншага рыхтуецца да сумеснай з прадстаўнікамі ННСРП канферэнцыі беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Канферэнцыя адбылася ў першай палове чэрвеня 1939 года ў Данцыгу. Паводле данясенняў польскай выведкі і паведамленняў прэсы, разглядалася гатоўнасць беларускіх нацыянал-сацыялістаў аказаць падтрымку нямецкім ваенныя дзеянням у Польшчы наўзамен падтрымцы немцамі беларускіх незалежніцкіх памкненняў. Практычных вынікаў канферэнцыя не мела, а пасля падпісання ў 1939 годзе нямецка-савецкага пакта нямецкія ўлады забаранілі эмігрантам у Германіі праяўляць варожы настрой да СССР[1].
З пачаткам Другой сусветнай вайны аднаўленне партыі не было магчымым праз забарону дзейнасці ў Германіі і на акупаваных ёй тэрыторыях любых, акрамя ННСРП, палітычных партый[1]. Беларускія нацыянал-сацыялісты працягнулі дзейнічаць асобна.
Ладысеў, У. Ф. Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя. Праграма Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі / У. Ф. Ладысеў // Палітычныя партыі Беларусі: Дапаможнік для вывучаючых гісторыю Беларусі. — Мн.: «Згода», 1994. — 262 с. — (Гістарычныя сшыткі. Сш. 2). — С. 9 — 18.