Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа — фармальна недзяржаўнае добраахвотнае грамадскае таварыства ў Беларусі. Мэтамі арганізацыі ёсць аказанне дапамогі ахвярам узброеных канфліктаў і катастроф, адзінокім, інвалідам і састарэлым, удзел у арганізацыі дапамогі насельніцтву ў экстрэмальных сітуацыях. Арганізацыя цалкам падпарадкоўваецца рэжыму Лукашэнкі[1].
Першае на Беларусі таварыства апекі параненых і хворых у ваенны час існавала ў 1866—1887 гадах. Да рэвалюцыi 1917 года ў Мінску таксама дзейнічаў аддзел Таварыства Чырвонага Крыжа. Пры ім дзейнічалі Курсы сясцёр міласэрнасці.
Пастановай ад 6 чэрвеня 1921 года Савет народных камісараў Беларускай ССР заснаваў «Таварыства Чырвонага Крыжа Беларусі», але яго не прызнаў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК). 18 мая 1923 года прадстаўнікі Чырвонага Крыжа Беларусі, Украіны, Арменіі, Грузіі і Чырвонага Паўмесяца Азербайджана заключылі дагавор пра стварэнне Саюза Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (СТЧК і ЧП) СССР. Асноўныя намаганні засяроджваліся на санітарна-абарончай і санітарна-аздараўленчай працы.
У другой палове 1940-х гадоў санітарна-эпідэміялагічныя атрады Таварыства Чырвонага Крыжа Беларусі ўдзельнічалі ў абеззаражванні тэрыторыі, ліквідацыі і прафілактыцы брушнога тыфу. Пад апекай таварыства былі ўсе дзіцячыя дамы, арганізоўваліся лагеры для дзяцей-сірот.
З 1960-х гадоў патранажныя сёстры таварыства Чырвонага Крыжа даглядалі інвалідаў Другой сусветнай вайны, у 1960-я — 1980-я гады санітарныя інспектары і санітарныя дружынніцы займаліся павышэннем санітарнай культуры, прафілактыкай захворванняў і добраўпарадкаваннем населеных месц. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 года таварыства займалася ліквідацыяй яе наступстваў.
Незалежная Беларусь
У 1991 годзе арганізацыя стала недзяржаўнай. З 1994 года называецца «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа». У 1995 годзе атрымана прызнанне Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа[4]. Першы час, за кіраваннем Андрэя Раманоўскага, таварыства праводзіла адносна нейтральную палітыку[1].
З пачатку 2000-х гадоў арганізацыя патрапіла ў поўнае падпарадкаванне дзяржаве, усе пасады паступова займаюць функцыянеры рэжыму Лукашэнкі[1]. У 2004 годзе пасаду старшыні заняла Людміла Пастаялка, тагачасны міністр аховы здароўя Беларусі і маці Ірыны Абельскай (маці Мікалая Лукашэнкі). У далейшым усе пасады будуць таксама займаць дзяржаўныя функцыянеры[1]. Таварыства рэгулярна ўдзельнічае ў фальсіфікацыях выбараў у Беларусі. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Беларускі Чырвоны Крыж вылучыў у выбарчыя камісіі амаль 3 тысячы сваіх членаў, як мінімум на 363 участках з удзелам членаў Чырвонага Крыжа незалежныя назіральнікі зафіксавалі фальсіфікацыі[1][5].
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа праігнаравала гвалт, катаванні і забойствы дэманстрантаў у час пратэстаў 2020—2021 гадоў[1][6]. У 2021 годзе арганізацыя адмовілася дапамагаць сем’ям палітычных вязняў[1].
У лютым 2021 года пісьменнік Саша Філіпенка, аўтар папулярнага ў свеце рамана «Чырвоны крыж», заклікаў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа прарэагаваць на катаванні ў Беларусі і праінспектаваць турмы[7]. Пазней прэзідэнт Міжнароднага камітэта Петэр Маўрэр у эфіры швейцарскага радыё сказаў, што «не хоча лаяцца з пісьменнікам, творчасць якога шануе», аднак спаслаўся на «адсутнасць мандата» на наведванне беларускіх турмаў[5].
Падтрымка расійскага ўварвання ва Украіну
10 верасня 2021 года генеральным сакратаром Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа абраны функцыянер рэжыму Лукашэнкі Дзмітрый Шаўцоў[8]. 18 кастрычніка 2022 года Шаўцоў назваў гомасексуальнасць псіхічнай хваробай, якую трэба лячыць[9]. У ліпені 2023 года Дзмітрый Шаўцоў наведаў акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны, дзе хадзіў з шаўронам з літарай «Z», якая ёсць сімвалам рашызму і падтрымкі ўварвання Расіі ва Украіну[10]. Публічна прызнаўся ва ўдзеле ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь з украінскіх тэрыторый, акупаваных Расіяй, што ёсць парушэннем Жэнеўскіх канвенцый. Міжнародная федэрацыя таварыства Чырвонага Крыжа асудзіла дзеянні Шаўцова[11]:
«Надзвычайныя абставіны гэтага візіту, уключаючы выкарыстанне сімвала, які асацыюецца з адным з бакоў міжнароднага ўзброенага канфлікту ва Украіне, закранаюць асноўныя прынцыпы міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Візіт і звязаныя з ім мерапрыемствы не былі ўзгодненыя з іншымі кампанентамі руху, як таго патрабуюць нашы ўнутраныя правілы і прадпісанні.
19 ліпеня 2023 года міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Шаўцова[11]. 23 ліпеня Генеральная пракуратура Украіны пачала расследаванне датычнасці Беларускага чырвонага крыжа да вывазу ўкраінскіх дзяцей[12].
У ліпені 2023 года Дзмітрый Шаўцоў у эфіры беларускай прапагандысцкай тэлеперадачы прапанаваў «намякнуць» краінам Захаду пра магчымасць ужывання тактычнай ядзернай зброі Беларуссю[13].
7 верасня 2023 года Дзмітрый Шаўцоў аднагалосна быў пераабраны на пасаду генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. 8 верасня стала вядома, што Міжнародная федэрацыя таварыства Чырвонага Крыжа рэкамендавала Шаўцову адысці ад спраў на час расследавання адносна ягонай паездкі на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны[14].
3 кастрычніка 2023 года Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) апублікавала вынікі расследавання ў дачыненні да Дзмітрыя Шаўцова. Камітэт па выкананні прававых нормаў і пасрэдніцтве МФТЧКіЧП правёў расследаванне абвінавачанняў, выкліканых афіцыйнымі заявамі Генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, у тым ліку пра ядзерную зброю і перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама ў сувязі з яго візітам у Луганск і Данецк[3]. Паводле вынікаў расследавання праўленне МФТЧКіЧП заклікала Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа адхіліць Дзмітрыя Шаўцова ад пасады да 30 лістапада 2023 года, у выпадку калі гэта не будзе зроблена — МФТЧКіЧП спыніць фінансаванне і прыпыніць членства Беларускага чырвонага крыжа ў МФТЧКіЧП[3].
1 снежня 2023 года МФТЧКіЧП прыпыніла членства Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў федэрацыі праз невыкананне патрабавання пра зняцце Дзмітрыя Шаўцова з пасады[2].
У канцы снежня 2023 года ААН заявіла, што паступова згортвае сумесныя праекты з Беларускім чырвоным крыжам і шукае альтэрнатыўныя метады аказання дапамогі ўразлівым супольнасцям Беларусі[17].
Пасля скарачэння міжнароднага супрацоўніцтва
5 студзеня 2024 года група беларускіх хакераў «Кіберпартызаны» ўзламала афіцыйны сайт Беларускага чырвонага крыжа, і размясціла там публікацыі аб дзейнасці БЧК у часе прэзідэнцкіх выбараў і вайны ва Украіне[18].
9 студзеня выданне «Buromedia» апублікавала расследаванне аб грашовых злоўжываннях кіраўніцтва Беларускага чырвонага крыжа ў міжнародных паездках за часамі кіравання Дзмітрыя Шаўцова[19].
12 студзеня 2024 года Беларускае таварыства чырвонага крыжа заявіла, што скарачае праектную дзейнасць, накіраваную на падтрымку замежных грамадзян — уцекачоў і асоб, якія шукаюць прытулку, вымушаных мігрантаў, асоб без грамадзянства. Скарачэнне падтрымкі Беларускі чырвоны крыж абгрунтаваў спыненнем міжнароднага фінансавання[20].
18 лютага Фонд медычнай салідарнасці Беларусі апублікаваў ліст Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, у якім апошні просіць у старшыні камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча пасадзейнічаць «у пераходзе на фіксаванае членства ў нізавых арганізацыях Беларускага Чырвонага Крыжа ўстаноў аховы здароўя Мінска шляхам напісання заяў членамі нізавых арганізацый на пералік членскіх унёскаў у памеры 1 % сярэднямесячнага заработку адзін раз на год»[21].