Паўвостраў мае гарысты рэльеф, з хрыбтамі вышынёй прыкладна 2800 метраўнад узроўнем мора. Найвышэйшы пункт — гара Джэксан, 4196 метраў над узроўнем мора. Паўвостраў таксама вядомы як Зямля Грэяма і Зямля Палмера. З 1960-х гадоў Антарктычны паўвостраў атрымаў сваю цяперашнюю назву. Зямлёй Грэяма (Грэхама, Грэма) называецца паўночная яго частка, Зямлёй Палмера — паўднёвая.
Вакол узбярэжжа паўночнай часткі паўвострава магчыма круглагадовая навігацыя.
Глабальнае пацяпленне аказвае прыкметнае ўздзеянне на клімат паўвострава: толькі за другую палову XX стагоддзя сярэднегадавая тэмпература вырасла на 2,5 °C. На шэльфе побач з Антарктычным паўвостравам знаходзіцца ледавік Ларсена, памеры якога ў апошнія гады рэзка скараціліся.