Выхаванец мінскай СДЮШАР-5, у савецкі час выступаў у Сярэдняй Азіі. З 1992 года выступаў за мінскае «Тарпеда», пазней гуляў за «Атаку-Аўру». У 1996 годзе разам з мазырскім МПКЦ стаў чэмпіёнам краіны. Апошнія гады кар’еры правёў у складзе мінскага РВАРа.
Трэнерская кар’ера
З 2001 года стаў працаваць памочнікам свайго бацькі: спачатку ў РВАРы, потым у мінскім «Дынама» і юнацкіх зборных Беларусі. Пазней узначаліў дубль дынамаўцаў. Дадаткова ў верасні 2012 года стаў галоўным трэнерам юніёрскай зборнай Беларусі (юнакі 1995 года нараджэння). У снежні 2012 года быў звольнены з «Дынама».
У студзені 2013 года ўзначаліў дубль футбольнага клуба «Мінск», адначасова застаўшыся галоўным трэнерам юніёрскай зборнай[1]. Увосень 2013 года, пасля няўдалага выступу ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы, зборная 1995 года спыніла існаванне, і Пышнік сканцэнтраваўся на працы з дублем «Мінска».
У чэрвені 2014 года пасля адстаўкі Андрэя Скорабагацькі быў прызначаны выканаўцам абавязкаў, а неўзабаве — і галоўным трэнерам «Мінска»[2]. У сезоне 2014 прывёў каманду да сёмага месца ў чэмпіянаце, і застаўся галоўным трэнерам на сезон 2015. У новым сезоне каманда значны час ішла ўверсе табліцы і прэтэндавала на брозавыя медалі, але ў канцы атрымала пяць паражэнняў запар і ў выніку скончыла сезон на шостым месцы. Па заканчэнні сезону кантракт з трэнерам было вырашана не падаўжаць, і ў лістападзе 2015 года Пышнік пакінуў пасаду галоўнага трэнера «Мінска»[3]. Неўзабаве стала вядома, што Пышнік працягне працу ў клубе ў якасці спецыяліста па моладзевым футболе[4].
У чэрвені 2016 года быў прызначаны галоўным трэнерам мінскага «Тарпеда», якое выступала ў Першай лізе[5]. Па выніках сезону 2016 «Тарпеда» заняла дзявятае месца, а ў сезоне 2017 каманда доўгі час ішла сярод прэтэндэнтаў на выхад у Вышэйшую лігу, аднак у выніку стала трэцяй. У снежні 2017 года кантракт «Тарпеда» з Пышнікам быў разарваны[6].