Выхаванец мінскіх школ «Змена» і «Алімпія», дэбютаваў у Вышэйшай лізе Беларусі ў 1999 годзе ў складзе «Маладзечна», пасля чаго гуляў за мінскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр», у складзе апошняга стаў чэмпіёнам Беларусі. У 2006 годзе перайшоў у расійскую «СКА-Энергію», пазней гуляў у Расіі за «Авангард» і «Віцязь». У 2008—2010 гадах зноў выступаў у Беларусі, у 2010 годзе дапамог «Гарадзеі» перамагчы ў Другой лізе.
У 2011 годзе перайшоў у карагандзінскі «Шахцёр», дзе здолеў замацавацца ў аснове на пазіцыі левага абаронцы. У тым жа годзе прыняў грамадзянства Казахстана і перастаў лічыцца легіянерам. У 2011 і 2012 гадах разам з «Шахцёрам» станавіўся чэмпіёнам Казахстана.
У 2015 годзе, пасля прыняцця новага палажэння аб легіянерах, зноў стаў лічыцца легіянерам у Казахстане, і па заканчэнні сезона пакінуў клуб. Са студзеня 2016 года трэніраваўся разам з дэбютантам беларускай Вышэйшай лігі «Іслаччу», з якой у лютым падпісаў кантракт[3]. У ліпені 2016 года пакінуў «Іслач»[4].
Неўзабаве пасля зыходу з «Іслачы» трапіў у лік абвінавачаных ва ўдзеле ў дагаварным матчы. У кастрычніку 2017 года па выніках справы аб дагаварных матчах быў прысуджаны да штрафу ў 18,4 тысячы рублёў[5], а ў лютым 2018 года атрымаў ад Дысцыплінарнага камітэта АБФФ пажыццёвую дыскваліфікацыю[6]. Пасля зыходу з «Іслачы» стаў працаваць па-за футболам, выступаючы таксама ў аматарскіх турнірах[7].