Нарадзіўся ў Мінску 8 сакавіка 1954 года. У 1971 годзе Андрэй Саннікаў скончыў 42-ю мінскую школу, у 1977 — перакладчыцкі факультэт Мінскага Дзяржаўнага інстытуту замежных моваў. Працаваў у Пакістане і Егіпце ў нафтавай кампаніі і на будаўніцтве алюмініевага заводу, у таварыстве Дружбы з замежнымі краінамі (у 1980—1981 гадах).
У 1989 годзе скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве. Акрамя роднай беларускай, свабодна валодае рускай, англійскай і французскай мовай.
Жанаты, мае двух сыноў. Жонка — вядомая беларуская журналістка, карэспандэнт расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп, таксама асуджаная за Плошчу-2010.
Дзяржаўная служба і палітычная дзейнасць
У 1982—1987 гадах працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН.
У 1992—1995 годзе ўзначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраенні з правам подпісу ад імя краіны.
У 1993—1995 гадах працаваў саветнікам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі.
У лістападзе 1996 г., напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту.
У лістападзе 1997 г. Андрэй Саннікаў выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі’97», стаў міжнародным каардынатарам гэтай грамадзянскай ініцыятывы. У 1998 г. разам з Генадзем Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі.
Андрэй Саннікаў быў адным з арганізатараў маршаў пратэсту «Раздавім фашысцкую гадзіну!», «Так жыць нельга!», «За лепшае жыццё», акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.
У 1998—2002 гг. — рэктар Народнага ўніверсітэта, нефармальнага адукацыйна-асветніцкага праекта.
У 2005 г. стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека.
24 верасня 2010 года Саннікаў падаў у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў заяўку аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. У ініцыятыўную групу Саннікава ўвайшлі 2003 чалавекі[2]
18 лістапада 2010 года Андрэй Саннікаў зарэгістраваны на пасяджэнні Цэнтрвыбаркама ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.[3]
Храналогія пераследу
Затрыманы падчас мітынгу супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня2010 г. у Мінску. Пры гэтым жорстка збіты (была пашкоджаная нага) і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Падчас следства сям’я Саннікава зазнала моцны ціск. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.
25 сакавіка 2011 г. Андрэю Саннікаву выстаўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці, і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады.[5] Разам з ім па адной крымінальнай справе праходзілі Ілля Васілевіч, Фёдар Мірзаянаў, Алег Гнедчык і Уладзімір Яроменак.
14 мая 2011 года Партызанскі раённы суд г. Мінска прызнаў Андрэя Саннікава вінаватым у арганізацыі беспарадкаў і прысудзіў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму[6].
Адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі, затым 29 верасня 2011 г. быў этапаваны ў калонію № 2 г. Бабруйску. Пасля Бабруйска ў канцы лістапада 2011 г. Саннікава перавялі ў калонію пад Віцебскам — «Віцьба-3».
14 красавіка 2012 г. Андрэй Саннікаў быў вызвалены паводле указу А. Лукашэнкі аб памілаванні[7].
У кастрычніку 2012 года атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі[8].
У 2018 камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што Андрэй Саннікаў стаў ахвярай незаконнага пазбаўлення волі, былі парушаны яго правы на прыватнае жыццё, свабоду выражэння меркаванняў і на мірныя зборы[9].