У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Ахенбах.
Андрэас Ахенбах (ням.: Andreas Achenbach; 29 верасня 1815, Касель — 1 красавіка 1910, Дзюсельдорф) — нямецкі жывапісец-пейзажыст, прадстаўнік дзюсельдорфскай школы. Старэйшы брат і настаўнік Освальда Ахенбаха, бацька опернага спевака Макса Альвары.
Біяграфія
У 1828 годзе разам са сваім бацькам, купцом з Мангейма, ён прыехаў у Санкт-Пецярбург, дзе праз чатыры гады паступіў у Акадэмію мастацтваў. У час навучання ў Пецярбургу ацэньваўся як пасрэдны студэнт, што можна растлумачыць раннім індывідуалізмам будучага рэфарматара жывапісу.
Пасля двух гадоў навучання жывапісу Андрэас Ахенбах пераехаў у Дзюсельдорф і працягнуў вучобу ў Акадэміі мастацтваў у Фрыдрыха Вільгельма Шадава і Іагана Вільгельма Шырмера. Гэта прывяло да пазітыўных змен у творчасці мастака.
Раннія працы Ахенбаха адзначаны рамантызмам, з часам ён пачаў пісаць рэалістычныя пейзажы, якія кантрастуюць з рамантычнымі карцінамі, якія ствараюцца яго сучаснікамі.
У 1832 разам з бацькам здзейсніў паездку ў Галандыю, на ўзбярэжжа Балтыйскага і Паўночнага мораў. У 1835 годзе пакінуў Дзюсельдорф і пераехаў у Мюнхен, а затым Франкфурт, дзе скончыў працу над палатном «Бура ля ўзбярэжжа Нарвегіі», якое разам з карцінай «Пацярпелыя караблекрушэнне ў фіёрдзе Хардангэ» прынеслі яму поспех і прызнанне публікі.
Наступныя 10 гадоў ён прысвяціў удасканаленню майстэрства, шмат падарожнічаў. Ахенбах пабываў у Швецыі, Нарвегіі, Даніі, у паўднёвай і паўночнай Германіі і Цірольскіх гарах, ствараючы пры гэтым шмат цікавых работ. Пісаў ён таксама і партрэты.
Узрост мастака не прыслабіў яго запал да падарожжаў. У 1873 ён адправіўся ў Італію, дзе пражыў два гады, у асноўным, на Капры. З гэтага перыяду захаваліся, пераважна, акварэлі прыроды паўднёвай Італіі.
Вялікі ўплыў на Ахенбаха аказалі працы галандскіх майстроў XVII стагоддзі.
Андрэас Ахенбах — адзін з заснавальнікаў сучаснага нямецкага пейзажа. Для нямецкай школы ён піянер і рэфарматар. Сярод яго вучняў былі родны брат, Освальд Ахенбах і Альберт Флам, Апалінарый Гараўскі і Юзаф Маршэўскі.
Творы Ахенбаха можна знайсці ў Новай пінакатэцы ў Мюнхене, карцінных галерэях Берліна, Дрэздэна, Дармштадта, Кёльна, Дзюсельдорфа, Лейпцыга, Гамбурга, Франкфурта-на-Майне.
Зноскі
| |
---|
Слоўнікі і энцыклапедыі | |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|