Сабор Ам’енскай Маці Божай (фр.: Cathédrale Notre-Dame d'Amiens) — кафедральны сабор каталіцкага біскупства з цэнтрам у горадзе Ам’ен (Пікардыя). Паводле свайго аб’ёму (200 000 м³) ён пераўзыходзіць усе гатычныя саборы Францыі.
Ам’енскі, Шартрскі і Рэймскі саборы лічацца эталонамі найчысцейшай готыкі. Архітэктура сабора ўключае ў сябе таксама наступныя элементы гатычнага стылю: высокая або спелая готыка (асабліва апсіды) і палымяная готыка (асабліва вялікая ружа, паўночная вежа, амвон і крэслы са спінкай). Даўжыня сабора 145 м, вышыня скляпення — 42,30 м (блізкая да максімальнай вышыні для архітэктурных збудаванняў такога тыпу). З 1981 г. сабор уваходзіць у спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Будаўнічыя работы па ўзвядзенні сабора пачаліся ў 1220 годзе. Каля 1236 года быў скончаны неф, а ў 1243 г. — вежы фасада. Толькі ў 1528 годзе быў усталяваны шпіц, які ўзвышаецца над саборам. Верхавіна шпіца знаходзіцца на вышыні 112,7 м над зямлёй.