Выхаванец школы футбольнага клуба «Мінск», гуляў за фарм-клуб «Мінск-2» і дубль, а з 2011 года пачаў трапляць у асноўны склад каманды. У сезоне 2013 замацаваўся ў асноўным складзе ў якасці правага абаронцы, чаргаваўся на гэтай пазіцыі з Раманам Бегуновым.
У пачатку сезону 2014 выхадзіў на замену, але неўзабаве Раман Бегуноў быў пераведзены ў цэнтр, і Свярчынскі стаў асноўным правым абаронцам каманды. У студзені 2015 года падоўжыў кантракт з «Мінскам»[3].
У лютым 2016 года пакінуў «Мінск» і стаў іграком славацкага клуба «Земплін»[4]. Па заканчэнні сезону 2015/16 вярнуўся ў Беларусь і стаў трэніравацца з мінскім «Дынама», з якім 12 ліпеня 2016 года падпісаў кантракт[5]. Спачатку гуляў у стартавым складзе мінчан, але ў верасні страціў месца ў аснове. У снежні 2016 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Дынама»[6].
У сакавіку 2017 года далучыўся да «Іслачы» і неўзабаве падпісаў пагадненне з клубам[7]. Стаў асноўным цэнтральным абаронцам каманды, але ў чэрвені 2017 года пакінуў «Іслач»[8] і неўзабаве зноў папоўніў склад «Земпліна»[9]. Спачатку гуляў у стартавым складзе славацкага клуба, пазней стаў заставацца на лаўцы запасных. У снежні 2017 года пакінуў «Земплін»[10].
У лютым 2018 года вярнуўся ў «Мінск»[11], аднак у ліпені таго ж года па ўзаемнай згодзе пакінуў клуб[12] і неўзабаве перайшоў у армянскі «Гандзасар»[13]. Ужо ў верасні 2018 года пасля канфлікту з кіраўніцтвам пакінуў армянскую каманду[14].
У пачатку 2019 года, завяршыўшы кар’еру, заснаваў у Літве IT-кампанію «Alex Sverch Football Promotion Group MB», якая займаецца распрацоўкай дадаткаў у індустрыі спорту. У верасні 2020 года анансаваў стварэнне асацыяцыі футбалістаў для юрыдычнай абароны, медыцынскай падтрымкі і перападрыхтоўкі пасля завяршэння кар’еры[15].