Выхаванец спартыўнай школы мінскага МТЗ-РІПА (пазней перайменаванага ў «Партызан»). З 2009 года выступаў у асноўнай камандзе, дзе застаўся і пасля вылету «Партызана» з Вышэйшай лігі па выніках сезона 2010. У сезоне 2011 дапамог мінчанам вярнуцца ў эліту, забіўшы 19 мячоў.
У студзені 2012 года перайшоў у «Мінск», але не змог замацавацца ў асноўным складзе. У ліпені 2012 года атрымаў траўму і выбыў да канца сезона. У лютым 2013 года праходзіў прагляд у мазырскай «Славіі», але ў выніку вярнуўся ў Мінск.
Сезон 2013 пачаў у складзе фарм-клуба «Мінск-2», у ліпені быў пераведзены ў асноўную каманду, але зноў не змог замацавацца ў аснове. У снежні 2013 года падоўжыў кантракт з «Мінскам».
У сезоне 2014, пасля зыходу з клуба Рамана Васілюка і Леаніда Ковеля, стаў нарэшце асноўным нападнікам мінчан. Паспяхова праявіў сябе ў гэтай ролі, забіўшы за сезон 14 мячоў і стаўшы такім чынам другім бамбардзірам чэмпіянату пасля Мікалая Януша. У снежні 2015 года разарваў кантракт з «Мінскам»[4].
У лютым 2016 года прыбыў на прагляд у казахстанскі «Іртыш»[5]. У двух таварыскіх матчах за «Іртыш» адзначыўся двума галамі, але ў выніку не дамовіўся аб умовах кантракта і накіраваўся ў стан іншага клуба з Казахстана — «Атырау»[6], з якім неўзабаве падпісаў кантракт[7]. У сезоне 2016 забіў толькі 1 гол у 24 матчах за «Атырау».
У студзені 2017 года прыбыў на прагляд у «Тарпеда-БелАЗ» і ў выніку падпісаў кантракт з клубам[8]. Пачынаў сезон у якасці аднаго з асноўных нападнікаў жодзінцаў, адзначаўся галамі ў першых чатырох турах чэмпіянату, аднак пазней стаў часцей толькі выхадзіць на замену. Па заканчэнні сезона ў лістападзе 2017 года пакінуў «Тарпеда-БелАЗ»[9].
Са студзеня 2018 года знаходзіўся на праглядзе ў мінскім «Дынама», з якім у лютым падпісаў кантракт[10]. Спачатку нярэдка з’яўляўся ў стартавым складзе каманды, аднак пазней у сувязі з траўмамі стаў часцей выхадзіць на замену.
У снежні 2018 года пакінуў «Дынама» па заканчэнні кантракта[11] і неўзабаве стаў іграком «Іслачы»[12], дзе замацаваўся ў якасці аднаго з асноўных нападнікаў. З мая па ліпень 2019 года не гуляў з-за траўмы, пасля вярняў месца ў стартаым складзе. З 10 галамі ў чэмпіянаце Беларусі стаў другім бамбардзірам каманды ў сезоне. У студзені 2020 года падоўжыў кантракт з «Іслаччу»[13]. У 2020 годзе заставаўся асноўным нападнікам каманды.
У лютым 2021 года перайшоў у літоўскі клуб «Судува»[14], дзе стаў пераважна выхадзіць на замену, разам з камандай выйграў сярэбраныя медалі чэмпіянату Літвы. У студзені 2022 года вярнуўся ў Беларусь, падпісаўшы кантракт з «Гомелем»[15], дзе замацаваўся ў аснове, у сезоне 2022 адзначыўся 8 галамі ў чэмпіянаце і 2 галамі ў Кубку Беларусі. Па заканчэнні сезона 2022 пакінуў гомельскі клуб[16].
У студзені 2023 года стаў іграком брэсцкага «Дынама»[17]. У ліпені 2023 года пакінуў клуб па пагадненні бакоў[18] і далучыўся да «Іслачы»[19]. У студзені 2024 года падоўжыў пагадненне з клубам[20].
У сакавіку 2015 года быў упершыню выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі[21]. Дэбютаваў у зборнай 30 сакавіка 2015 года, выйшаўшы ў стартавым складзе ў таварыскім матчы супраць Габона[22].