Пачала забудоўвацца ў першай палове XIX стагоддзя цаглянымі і драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў на вуліцы знаходзіліся шматлікія майстэрні, гандлёвыя прадпрыемствы, заводы лакавы і чыгуналіцейны (цяпер станкабудаўнічы завод імя С. М. Кірава). Кавальская вуліца, на якой пражывала значная частка працоўных, была месцам збораў і сходак. У гады Вялікай Айчыннай вайны вуліца моцна разбураная. Сучасная забудова прадстаўленая дамамі (пераважна жылымі) рознай паверхавасці з убудаванымі на першых паверхах крамамі. На вуліцы размешчаны вытворчыя, і адміністрацыйныя карпусы швейнага ПА «Камінтэрн», хлебазавода № 1, завода вымяральных прыбораў (закрыты) і завода імя С. М. Кірава, сярэдняя школа № 19, інтэрнаты завода імя Кірава і дарожна-будаўнічага тэхнікума, лазня № 3, крамы.
Забудова
вуглавы 12-14-ці павярховы жылы дом «для алімпійцаў» з убудавана-прыбудаванымі памяшканнямі (праектаванне і будаўніцтва ў 2004—2006; архітэктары У. Талочка, А. Талочка, Л. Краўчэня). Кампазіцыя пабудаваная на павышэнні паверхавасці да цэнтра, акцэнтавана ў праекце вежавым аб’ёмам з металічным шатровым завяршэннем. Фасады маюць пластычныя закругленыя абрысы з выкарыстаннем вуглавых эркераў, вырашаны спалучэннем белага, жоўтага і аранжавага колераў[1].