Ілья́ Апана́савіч Па́па-Афанасо́пула (руск.: Илья Афанасьевич Папа-Афанасопуло; 1863 — 8 красавіка 1927[1], Пінск) — расійскі грамадскі дзеяч і палітык, член IV Дзяржаўнай думы ад Мінскай губерні, буйны землеўладальнік Заходняга краю.
Біяграфія
Праваслаўны. З спадчынных дваран Палтаўскай губерні. Землеўладальнік Ровенскага павета Валынскай губерні (4499 дзесяцін), Мінскага павета Мінскай губерні (1600 дзесяцін) і Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (5600 дзесяцін).
Скончыў Палтаўскі кадэцкі корпус і Цвярское кавалерыйскае вучылішча (1883), адкуль выпушчаны быў карнетам у 4-ы драгунскі Екацярынаслаўскі полк. У 1887 годзе залічыўся ў запас армейскай кавалерыі, а ў 1895 годзе выйшаў у адстаўку ў чыне паручніка.
У тым жа 1895 годзе быў выбраны ганаровым міравым суддзёй па Харольскім павеце Палтаўскай губерні, на гэтай пасадзе знаходзіўся да канца 1901 года, прычым на апошняе трохгоддзе быў выбраны аднагалосна. У 1895 годзе стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[2]. У 1901—1907 гадах быў земскім начальнікам 5-га ўчастку Пінскага павета Мінскай губерні, а ў 1907 годзе прызначаны быў пінскім павятовым маршалкам дваранства. У 1911 годзе быў узведзены ў камер-юнкеры, а ў 1913 годзе пакінуў пасаду маршалка дваранства і прылічаны да МУС. У 1908 годзе выбраны ганаровым міравым суддзёй па Пінскім павеце, а з увядзеннем у Мінскай губерні выбарнага земства ў 1911 годзе — павятовым і губернскім гласным. У 1915 годзе быў выбраны старшынёй Пінскай павятовай земскай управы, а затым Валынскім губернскім маршалкам дваранства. Даслужыўся да чыну правадзейнага стацкага саветніка (1916), меў прыдворнае званне камергера.
Акрамя таго, быў ганаровым папячыцелем Мінскага жаночага духоўнага вучылішча, даглядальнікам Каладнянскага і Нечатаўскага народных вучылішчаў і папячыцелем Пінскай саборнай царкоўна-прыхадской школы. У 1900 годзе за заслугі, аказаныя царкоўнапрыходскім школам, быў выбраны членам Пінскага павятовага аддзялення епархіяльнага вучылішчнага савета, а ў 1902 годзе Найсвяцейшым Сінодам быў узнагароджаны Бібліяй. За асаблівыя заслугі Найсвяцейшым Сінодам быў зацверджаны ў званні ганаровага папячыцеля ўсіх царкоўнапрыходскіх школ Пінскага павета. У 1908 годзе быў удастоены падзякі імператрыцы Марыі Фёдараўны за дзейнасць па пасадзе папячыцеля Мінскага жаночага духоўнага вучылішча. Неаднаразова ганараваўся падзякамі ад папячыцеля Віленскай навучальнай акругі і Мінскага губернскага епархіяльнага вучылішчнага савета, прычым у 1911 годзе той жа савет пастанавіў змясціць партрэт Ільі Апанасавіча ва ўсіх царкоўнапрыходскіх школах Пінскага павета.
На выбарах у IV Дзяржаўную думу быў выбаршчыкам па Пінскім павеце ад з’езду землеўладальнікаў. 17 студзеня 1913 года на дадатковых выбарах быў выбраны замест У. А. Кадыгробава. Уваходзіў у фракцыю рускіх нацыяналістаў і ўмерана-правых (ФНУП), пасля яе расколу ў жніўні 1915 года — у групу прыхільнікаў П. М. Балашова. Быў членам камісій: па выкананні дзяржаўнага роспісу даходаў і расходаў, па гандлі і прамысловасці, аб народным здароўі, па рабочым пытанні.
У жніўні 1917 года ўдзельнічаў у Дзяржаўнай нарадзе ў Маскве.
Памёр 8 красавіка 1927 года ў Пінску, дзе і пахаваны на парафіяльных могілках[1].
Сям’я
У шлюбе з Наталляй Віктараўнай Радзянка, дачкой харольскага павятовага маршалка дваранства Віктара Уладзіміравіча Радзянкі (1836—1907)[3]. Іх сын[4]:
- Сяргей, выхаванец Аляксандраўскага ліцэя (1909)[5], пінскі павятовы маршалак дваранства ў 1913—1917 гг., надворны саветнік. У эміграцыі ў Польшчы, памёр пасля 1929 года[6].
Узнагароды
Зноскі
- ↑ а б Метрычная кніга Пінскай саборнай царквы за 1927 год, запіс 21 // НГАБ, фонд 136, вопіс 55, справа 96
- ↑ Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
- ↑ В. Л. Модзалевский Малороссийский родословник. Т. 4. — Киев, 1914. — С. 318.
- ↑ Список дворян, внесенных в дворянскую родословную книгу Полтавской губернии. — Полтава, 1898. — С. 560.
- ↑ Памятная книжка лицеистов. — СПб., 1911. — С. 183.
- ↑ Памятная книжка лицеистов за рубежом, 1811—1929. — Париж, 1929. — С. 95.
Літаратура
- Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
- Памятные книжки Минской губернии на 1911—1917 годы. — Минск, 1910—1916.
- 4-й созыв Государственной думы: Художественный фототип. альбом с портретами и биографиями. — Санкт-Петербург: издание Н. Н. Ольшанского, 1913.
- Государственная дума Российской империи: 1906—1917. — М.: РОССПЭН, 2008.