Vigma – беларускі музычны лэйбл, заснаваны ў 1993 годзе. З'яўляецца буйнейшым вытворцам музычных дыскаў у Беларусі. У сакавіку 2011 прадпрыемства падпісала дамову аб вырабе і збыце музычных альбомаў, выпушчаных «Беларускай музычнай альтэрнатывай» («БМА») Віталя Супрановіча.[1][2] У выніку «Вігма» пачала шырэй выпускаць альбомы беларускамоўных выканаўцаў (Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Камоцкі, Таццяна Беланогая) і гуртоў: Eihelstraat (Магілёў), Guda, IQ48, Крамбамбуля, Палац, PANaNieba (Вілейка), Re1ikt (Светлагорск), BLAGI MAT!!! (Магілёў), Open Space (Мінск).
На 2011 год «Вігма» палову музычных альбомаў збывала на аўтазапраўках, рэшту ў гіпермаркетах і драбнейшых крамах.[3]
Дзейнасць
Кампанія супрацоўнічае з шматлікімі вядомымі выканаўцамі і кампазітарамі Рэспублікі Беларусь: В. Раінчыкам, І. Лучанком, В. Вуячычам, Э. Ханком, У. Правалінскім, Л. Барткевічам, А. Ярмоленкам, А. Саладухай. Акрамя таго, кампанія выпускае сольныя дыскі вядомых спевакоў і спявачак (сярод іх Паліна Смолава, Віктар Каліна, Гюнэш Абасава ды іншыя), а таксама розныя тэматычныя зборнікі папулярнай беларускай музыкі («Музыкальные новинки», «Первый интернационал» ды іншыя).[4]
У 2011 годзе кампанія абвясціла пра спыненне выпуску музычных аўдыёкасёт, з якіх у свой час Vigma пачынала сваю дзейнасць.[5]
Прызнанне
Па выніках уручэння рэдакцыйных узнагарод музычным парталам «Experty.by» за 2011 год лэйбл гуказапісу быў прызнаны лепшым[6]. «Лэйбл-старажыл, які вельмі учэпіста раптам узяўся за беларускамоўную музыку і выдае альбомы, якія, нягледзячы ні на што, вельмі нядрэнна прадаюцца», – перадаў матывіроўку крытыкаў Аляксей Аляксандраў з «Белорусов и рынка»[7].
Зноскі
Спасылкі