Shoot-Out 2018 (таксама вядомы як Coral Shoot-Out 2018 — ад назвы спонсара) — прафесійны рэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 8 па 11 лютага 2018 года ў Калізеі Уотфарда, у Уотфардзе, Англія. Турнір стаў дзявятым розыгрышам Shoot-Out, які быў заснаваны ў 1990 годзе і адноўлены ў 2011 годзе, а таксама другім спаборніцтвам гэтага турніру, якое атрымала рэйтынгавы статус. Кампанія Coral у трэці раз запар спансавала Shoot-Out. Прызавы фонд турніру склаў £146,000, з якіх £32,000 атрымаў пераможца.
Пераможцам турніру стаў Майкл Джорджыу, які перайграў на сваім шляху да тытула Тора Чуана Леонга (73:41), Джэка Джонса (84:1), Луку Брэсэля (80:0), Найджэла Бонда (71:40), Чжана Юна ў чвэрцьфінале (114:9), Мартына О'Донэла ў паўфінальным матчы (53:5), а таксама Грэма Дота ў фінальным паядынку (67:56). Такім чынам, 30-гадовы прадстаўнік Кіпра, які ніколі да гэтага не ўваходзіў у топ-64 рэйтынгу, выйграў свой першы прафесійны тытул у кар'еры, а таксама стаў першым кіпрыёцкім пераможцам рэйтынгавага спаборніцтва па снукеры. У чвэрцьфінальным матчы супраць Чжана Юна Джорджыу выканаў і найвышэйшы брэйк турніру ў 109 ачкоў.
Спасылкі
[ Shoot-Out 2018 на Snooker.org] (англ.)
[ Статыстыка Shoot-Out 2018 на CueTracker.net] (англ.)