Ян Якуб Офенберг (1867—1953, Варшава) — урач, грамадскі дзеяч, барон. З баронскага роду Офенбергаў.
У 1882 падчас навучання ў Мінскай гімназіі разам з братам Стафанам заснаваў тайны гурток «Самаадукацыйнае кола» (гэты гурток, змяняючы назвы, як тайная арганізацыя праіснаваў да 1920). Пасля заканчэння гімназіі ў 1885 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Быў у групе студэнтаў, што вітала прыезд з Швейцарыі Зыгмунта Баліцкага і яго праект палітычнай арганізацыі «Zet». У 1889—1890 стаў актыўным членам гэтай арганізацыі, адным з кіраўнікоў яе варшаўскай групы. Уваходзіў таксама ў Лігу Польскую, а потым у Нацыянальную Лігу.
У 1890 пасля заканчэння Варшаўскага ўніверсітэта пачаў працаваць урачом у Радашковічах. Адначасова працягваў вучобу ў інтэрнатуры Варшаўскага ўніверсітэта. У 1898 пасля заканчэння інтэрнатуры пераехаў у Мінск. У 1902—1903 сакратар Мінскага таварыства ўрачоў. У 1902 пасля смерці галоўнага ўрача шпіталя Мінскага таварыства дабрачыннасці Томаша Віткоўскага заняў яго пасаду. Пасля стаў кіраўніком будаўніцтва новага шпіталя таварыства, які быў адкрыты ў 1906. Дзякуючы гэтаму бедната атрымала магчымасць на бясплатнае высокакваліфікаванае лячэнне. У тым самым годзе пабраўся шлюбам з Аляксандрай Іосіфаўнай Жылінскай — дачкой вядомага ў краі генерала-гідратэхніка.
Быў звязаны з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Прымаў удзел у першай спробе пастаноўкі спектаклю Ядвігіна Ш. паводле п’есы «Злодзей». Пад уплывам Магдалены Радзівіл выйшаў са складу польскай нацыяналістычнай Нацыянальнай Лігі і да пачатку Першай сусветнай вайны займаўся выключна доктарскай практыкай на пасадзе галоўнага ўрача шпіталя Чырвонага Крыжа Мінскага таварыства дабрачыннасці. Ёсць звесткі, што быў знаёмы з Янкам Купалам.
З 1918 прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцці Беларусі і Мінску як член Камітэта польскіх саюзаў і арганізацый. Калі ў сакавіку 1919 радзе камітэта ў складзе 5 чалавек давялося перайсці на нелегальнае становішча, заставаўся яе віцэ-прэзідэнтам. Адначасова быў членам Акруговай Рады горада Мінска. У перыяд польскай акупацыі з’яўляўся паўнамоцным прадстаўніком Польскага Чырвонага Крыжf, арганізаваў у Мінску шпіталь і быў кіраўніком гарадскога аддзела гэта арганізацыі. Уваходзіў у кіраўніцтва Польскай школьнай рады Мінскай зямлі. 21 сакавіка 1919 удзельнічаў у з’ездзе прадстаўнікоў паветаў і грамадскіх згуртаванняў Міншчыны. Меркавалася, што гэты з’езд пакладзе пачатак установе, якая будзе выказваць польскаму ўраду пажаданні беларускага народа ў арганізацыі свайго жыцця.
З надыходам савецкіх войскаў быў вымушаны перабрацца ў Польшчу. У Варшаве ён год працаваў на пасадзе ардынатара шпіталя Макатоўскага, пазней перайшоў на іншае месца працы. Ён знаходзіўся ў Варшаве ў гады нямецкай акупацыі і ўдзельнічаў у паўстанні 1944 года. Пахаваны ў Варшаве на Павязкоўскіх могілках (квартал 83, шэраг 3, магіла 23).
Быў узнагароджаны польскімі ўрадавымі ўзнагародамі: Крыжам Незалежнасці, Ордэнам Адраджэння Польшчы 4-й ступені, іншыя.
Працы
- Z dziejów Mińskiego Towarzystwa Dobroczynności (1906);
- Z dziejów Organizacji Polskiej Młodzieży Szkolnej na Kresach (1922);
- Morszyn pod względem leczniczym (1923);
- Ostatnia choroba Adama Mickiewicza (1939).
Зноскі
- ↑ Jan Offenberg // NUKAT — 2002.
- ↑ Jan Offenberg // MAK
- ↑ а б в г Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
Спасылкі