Паводле словаў Давіда Жынала, Гуркюф з’яўляецца найлепшым французскім іграком свайго пакалення[3]. Яго стыль гульні і здольнасці прыцягнулі параўнанне яго з французскай футбольнай легендай Зінедзінам Зіданам.
Клубная кар’ера
Пачаўшы сваю кар’еру ў клубе «Лар’ян», галоўным трэнерам якога быў яго бацька Крысціян Гуркюф, у 2001 годзе Яан падпісаў кантракт з «Рэнам».
У сезоне 2003/04 ён адгуляў 9 матчаў. Наступныя сезоны былі даволі паспяховымі. У сезоне 2005/06 Гуркюф забіў 16 галоў, а «Рэн» скончыў сезон на 7-м месцы і атрымаў месца ў Кубку Інтэртота.
Улетку 2006 года вядучыя клубы Еўропы, як «Валенсія», «Аякс» і «Арсенал», былі зацікаўлены ў куплі іграка, але Гуркюф абраў італьянскі «Мілан», падпісаўшы кантракт да 2011 года. Сваю кар’еру ў гэтым клубе Яан пачаў голам у браму грэчаскага клуба АЕК у матчы Лігі чэмпіёнаў. У чэрвені 2008 года «Мілан» аддаў Гуркюфа ў арэнду ў французскі «Бардо», у складзе якога ён стаў найлепшым іграком чэмпіянату Францыі. Пазней «Бардо» выкупіў трансфер Яана за 15 млн еўра.
23 жніўня 2010 года ліёнскі «Алімпік» выкупіў у «Бардо» правы на іграка за 22 млн еўра[4]. 25 жніўня Гуркюф падпісаў з ліёнцамі пяцігадовы кантракт[5]. Гуляючы ў складзе «Алімпіка», Гуркюф быў вымушаны прапусціць значную колькасць матчаў з-за траўм. Па заканчэнні кантракта ён пакінуў ліёнскі клуб.
16 верасня 2015 года афіцыйна вярнуўся ў «Рэн», падпісаўшы кантракт на 1 год. Пакінуў клуб па заканчэнні сезона 2017/18. У ліпені 2018 года ў якасці свабоднага агента далучыўся да «Дыжона»[6], аднак у студзені 2019 года па пагадненні бакоў разарваў кантракт, пасля чаго завяршыў кар’еру.
Міжнародная кар’ера
Гуркюф згуляў свой першы матч у форме зборнай Францыі 20 жніўня 2008 года ў таварыскай гульне супраць зборнай Швецыі[7]. На пляцоўцы Яан з’явіўся на 92 хвіліне, калі Францыя ўжо атрымлівала перамогу з лікам 3:2[8]. Свой першы гол за французскую каманду забіў 11 кастрычніка 2008 года ў матчы кваліфікацыі да чэмпіянату свету 2010 супраць зборнай Румыніі.