Царква ў гонар Адсячэння Главы Іаана Прадцечы — праваслаўны храм у в. Межная Слабада Клецкага раёна Мінскай вобласці. Размешчаны ў цэнтры вёскі, на могілках.
Гісторыя
Пабудавана на мяжы XIX—XX стагоддзяў з дрэва з брамай-званіцай. Да 1990-х гадоў не дзейнічала. Адноўлена ў 1993 годзе. Прыпісная да Свята-Петра-Паўлаўскай царквы в. Галынка.
Архітэктура
Твор народнага дойлідства. Храм прамавугольны ў плане, з трохграннай апсідай. Вальмавы дах завершаны па цэнтры васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Гарызантальна ашаляваныя сцены расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах. Уваход праз невялікі прытвор.
Перад царквой пастаўлена двух’ярусная чатырохгранная каркасная званіца з шатровым верхам. Сцены 2-га яруса прарэзаны ромбападобнымі праёмамі. Першы ярус выкананы ў выглядзе брамы. Гарызантальная шалёўка сцен аб’ядноўвае званіцу і царкву ў адзіны архітэктурны ансамбль.
Літаратура
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі