Пабудавана ў 1796 годзе па фундацыі Марыяны Біспінг з каменю і цэглы як касцёл. У 1865—1867 гадах перароблена пад царкву. Побач з храмам у 2-й палове XIX стагоддзя пастаўлена бутавая капліца — 4-гранны кубападобны аб’ём пад шатровым дахам.
Архітэктура
Помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму.
Мураваны аднанефны аднавежавы прамавугольны ў плане храм накрыты высокім двухсхільным дахам. Галоўны фасад з прамавугольнымі вокнамі падзелены развітым антаблементам на два ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордарнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершаная трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім васьмігранным шатром з люкарнамі (у другой палове XIX ст. перабудаванае завяршэнне вежы, зробленыя дэкаратыўныя галоўкі дахаў), з рудыментамі валют па баках. Сцены вежы маюць вялікія прамавугольныя вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Бакавыя фасады з лучковымі вокнамі пазбаўленыя аздобы.
Інтэр’ер
У перакрытую плоскай столлю прастору малітоўнай залы 3 магутнымі аркамі адкрываюцца ўчыненыя над вузкім прытворам хоры. Сцены расчлянёны пілястрамі са спрошчанымі капітэлямі. За перагародкай у апсідзе створана тарцовая рызніца. Апсіда вылучана драўляным 3-ярусным пазалочаным іканастасам канца 19 ст. Яго 2-ярусная кампазіцыя расчлянёна паўкалонкамі карынфскага ордэра і прафіляваным карнізам, упрыгожана разным арнаментальным спляценнем акантаванага лісця. У левым клірасе знаходзіцца ківот, упрыгожаны арабескавай арнаментальнай разьбой па дрэве. Абраз «Іаан Багаслоў» (1882, мастак М. І. Пліс). У алтары два латунныя падсвечнікі з гравіроўкай (вышыня 2,2 м). У 1891 г. прыхаджане на добраахвотныя ахвяраванні набылі для царквы панікадзіла.
Масалянская царква Раства Багародзіцы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 166.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.