«Алашкерт» (арм.: Ֆուտբոլային Ակումբ „Ալաշկերտ“ Մարտունի) — армянскі футбольны клуб з Ерэвана (першапачаткова з горада Мартуні), заснаваны ў 2011 годзе.
Гісторыя
Клуб быў створаны ў 1990 і да стварэння незалежнага армянскага чэмпіянату па футболе ў 1992, выступаў у мясцовым чэмпіянаце Армянскай ССР. Каманда ўдзельнічала ў першым розыгрышы чэмпіянату Арменіі, дзе заняла апошняе 24 месца, і ў наступным, 1993 годзе, павінна была выступаць у Першай лізе. Але каманда знялася з чэмпіянату і неўзабаве была расфарміравана.
Перад пачаткам чэмпіянату краіны ў 1998, клуб узнавіўся і падаў заяўку на ўдзел у ім у Першай лізе. Па выніках першынства размясціўся ў сярэдзіне табліцы, заняўшы 6-е месца. У сезоне 1999 каманда ў чарговы раз здымаецца з розыгрышу. Клуб працягваў існаванне, і рабіў спробы ўзяць удзел у першынстве 2000. Але пазней усё ж зняўся да пачатку чэмпіянату, а пасля расфарміраваўся.
У снежні 2011 года бізнесмен і дырэктар турыстычнага агенцтва «Баграт тур» Баграт Наваян адрадзіў клуб, заснаваўшы яго з чыстага ліста. Каманда прыняла ўдзел у сезоне Першай лігі Арменіі 2012/13, дзе за чатыры туры да завяршэння чэмпіянату забяспечыла выхад у Прэм’ер-лігу. У сезоне 2013/14 клуб пераехаў у Ерэван дэбютаваў у Прэм’ер-лізе і заняў апошняе месца, але з-за таго што ў Першай лізе ўдзельнічалі толькі дублюючыя каманды, «Алашкерт» не пакінуў чэмпіянат у наступным сезоне. У чэмпіянаце 2014/15 «Алашкерт» заняў 4-е месца, якое дало права камандзе выступаць у Лізе Еўропы УЕФА. У 1-м кваліфікацыйным раўндзе «Алашкерт» сустракаўся з шатландскім «Сент-Джонстанам». Нягледзячы на тое, што шатландцы былі відавочнымі фаварытамі, «Алашкерт» перамог 1:0 у хатнім матчы і дзякуючы забітаму голу ў гасцях, прайшоў далей. У 2-м кваліфікацыйным раўндзе «Алашкерт» сустракаўся з казахстанскім «Кайратам», але ў гасцях прайграў 3:0, а ў хатнім матчы здабыў перамогу з лікам 2:1.
У сезоне 2015/16 «Алашкерт» здолеў упершыню стаць чэмпіёнам Арменіі, а два наступных года паўтараў свой поспех.