Тра́ктар[1][2] (англ.: tractor ад лац.: traho цягну) — самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад[1].
Будова
Складаецца з каркаса, які служыць апорай трактара, рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі, механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя прылады, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншчальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.).
На сельскагаспадарчыя трактары ўсталёўваюць механічныя каробкі перадач з колькасцю перадач да 32, пераважна з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастатычнымі і гідрамеханічнымі перадачамі. Для паніжаных тэхналагічных скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншчальнікам.
Сучасныя колавыя трактары пераважна маюць прывад на ўсе чатыры колы і абсталяваны блакіроўкай дыферэнцыяла. У большасці трактароў заднія колы большыя за пярэднія: пярэднія колы меншага памеру палягчаюць манеўраванне ў полі, а вялікія заднія шыны паляпшаюць праходнасць трактара і лепш размяркоўваюць счэпную вагу[3]. Колавыя трактары маюць прасцейшую канструкцыю, але маюць горшую праходнасць. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, але іх недахопамі з’яўляюцца вялікая маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу.
Класіфікацыя
Бываюць колавыя і гусенічныя; сельскагаспадарчыя (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спецыяльныя — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і іншыя), прамысловыя (тралёвачныя, дарожна-будаўнічыя), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).
Сельскагаспадарчыя трактары агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі сельскагаспадарчых культур. Універсальна-прапашныя — для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур.
Асаблівасць прапашных трактароў — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў або гусеніц, дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны.
У краінах СНД трактары падзяляюцца на 10 класаў, паводле цягавага намагання: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (2 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН).
Першыя колавыя трактары з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830-я гады ў Вялікабрытаніі і Францыі, з рухавікамі ўнутранага згарання — у 1901 годзе ў ЗША, гусенічныя — у 1912 годзе ў ЗША. Як галіна прамысловасці трактарабудаванне існуе з 1917 года, калі на заводах Форда ў ЗША пачаўся масавы выпуск трактароў. У лік найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць «Нью-Холанд», «Джон Дзір», «Масі Фергюсан», «Дойц», «Ландзіні», «Кейс». У Беларусі трактары выпускае Мінскі трактарны завод, які ў 1950 годзе пачаў вырабляць гусенічныя і тралёвачныя, а з 1953 года колавыя сельскагаспадарчыя трактары «Беларус»[1][4].
Тра́ктор / Барский И. Б. // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 137—141. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978).(руск.)
Тра́ктор // Большая политехническая энциклопедия (руск.) / Авт.-сост. В. Д. Рязанцев. — М.: Мир и образование, 2011. — С. 551. — 704 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-5-94666-621-3.
Тра́ктор // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь (руск.) / Редкол.: В. К. Месяц (гл. ред.) и др. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 544—545. — 565 с. — 100 000 экз.
Мартиненко В. П. Тра́ктор // // Українська радянська енциклопедія : у 12 т. / гол. ред. М. П. Бажан; редкол.: О. К. Антонов та ін. — 2-ге вид. — К. : Головна редакція УРЕ, 1984. — Т. 11, кн. 1 : Стодола — Фітогеографія. — С. 319. — 606, [2] с., [22] арк. іл. : іл., портр., карти с. (укр.)