У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл.
Талака.
«Талака» — незалежная арганізацыя моладзі ў 1985—1990 гадах, гісторыка-культурнае аб’яднанне.
Створана восенню 1985 года як клуб аховы помнікаў. Займалася ўдзелам у рэстаўрацыйных работах і археалагічных раскопах, аховай помнікаў гісторыі і архітэктуры, змаганнем за стварэнне беларускіх класаў і школ, правядзеннем экалагічных экспедыцый, культурна-асветніцкай дзейнасцю, адраджэннем народных традыцый і свят. У другой палове 1980-х (да 1989) «Талака» была самай вялікай і ўплывовай нефармальнай арганізацыяй[2].
Гісторыя
Таварыства «Талака» створана восенню 1985 года як клуб аховы помнікаў. Ля вытокаў яе заснавання былі Сяржук Вітушка, Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Алесь Суша[3]. Ініцыятарам назвы «Талака» быў скульптар Гэнік Лойка[4][5]. Покліч арганізацыі «Дзе пачую талаку, туды ногі валаку» прыдумаў Сяржук Вітушка[1]. За аснову сваёй эмблемы «Талака» ўзяла выяву мінскай ратушы, якая ў той час яшчэ не была адноўленая.
У канцы 1980-х «Талака» зрабілася вялікай і ўплывовай нефармальнай арганізацыяй. Удзельнікі арганізацыі ўзнаўлялі і падтрымлівалі нацыянальныя традыцыі — ад культывацыі беларускага мовы, тэатру, літаратуры, выяўленчага мастацтва, фальклору, року і да пашырэння незалежніцкай палітычнай думкі, друку і арганізацыі[6].
«Талака» зрабіла для сябе традыцыйным штогадовае правядзенне Купалля, Каляд, Гукання Вясны. Менавіта яна стала ініцыятарам адраджэння гэтых свят. Апроч таго праводзіліся археалагічныя раскопы, у тым ліку ў Верхнім горадзе (старая частка Мінска). Удзельнікі арганізацыі бралі ўдзел у талоках — падчас рэстаўрацыі Траецкага прадмесця і будучага музея Ваньковіча ў Мінску, прыводзілі ў парадак мясціны, звязаныя з памяццю паўстанцаў 1863 года[7]. «Талака» выпускала насценную газету «Ратуша» (дзе адлюстроўвалася дзейнасць суполкі), у 1986—1987 наладзілі выпуск самвыдавецкага «Бурачка», у 1989 выпусцілі гумарыстычнае выданне «Брук» (прымеркаванае да 23 лютага — дня Савецкай арміі). Разам з іншымі незалежнымі суполкамі «Талака» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў: «Дзвінскае ралі’87», мітынг у абарону Верхняга гораду (1988), «Прыпяць’88», мітынгі ў Курапатах і на Усходніх могілках, антыракетны паход (1990) і інш..
«Талака» прычынілася да нараджэння новай хвалі нацыянальнага адраджэння 1980-1990-х гадоў. З ініцыятывы «Талакі» ў беларускую прастору быў вернуты покліч «Жыве Беларусь!», а таксама бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»[1][7]. Першая публічная лекцыя, прысвечаная бел-чырвона-беламу сцягу, была праведзена «Талакой» у 1987 годзе, у залі Тэатра эстрады[1].
За час існавання Талакі ў яе пасяджэннях і мерапрыемствах бралі ўдзел сотні маладых людзей, але правадзейных членаў было каля пяцідзесяці[3]. Кіраўніцтва ў клубе было калегіяльнае. Галоўным кіруючым органам была Рада, члены ў якую абіраліся падчас Сойму большасцю галасоў. Кіраўніком арганізацыі нязменна быў Сяржук Вітушка[7].
Фотагалерэя
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
Спасылкі