Сарочка ў беларускім народным касцюме

Мужская і жаночая сарочкі ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі
Дзяўчына і юнак у сучасных кашулях

Сарочка — від плечавога адзення, галоўны элемент беларускага нацыянальнага касцюма.

Назвы

Беларуская рубаха з ваколіц Смаленска

У беларусаў існуе некалькі тэрмінаў для абазначэння нацельнага адзення: сарочка, рубашка, кашуля, чэхлік. Тэрмін срочька (сарочка) сустракаецца яшчэ ў летапісах часоў Кіеўскай Русі[1]. Тэрмін зафіксаваны і ў ранніх славянамоўных летапісах часоў ВКЛ, але яго змест не раскрыты. Некаторыя аўтары праводзяць паралелі са скандынаўскім словам «sorka» (па-фінску «sarka» — грубае сукно)[2]. Адносна паходжання слова «рубашка» існуе шмат меркаванняў. І. Сразнеўскі лічыў, што яно паходзіць ад дзеясловаў — «рваць», «рубіць»[3]. А. У. Арціхоўскі лічыць, што гэтае слова выкарыстоўвалася ў значэнні «беднае, грубае, старое адзенне»[4]. У гэтым жа значэнні слова сустракаецца ў пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя[5]. У старажытнабеларускіх тэкстах ёсць адрозненні паміж «срачыцай» — доўгім адзеннем — і кароткім — «кашуляй»[6]. Слова «чэхлік» зафіксавана ў помніках канфесійнай літаратуры, што дазваляе лічыць яго не характэрным у мінулым для свецкага грамадства. Шылі гэтыя прадметы адзення з дарагой тканіны.

У XIX—XX стагоддзях існавалі адрозненні паміж тэрмінамі «сарочка» і «кашуля» ў розных рэгіёнах Беларусі. Болей за іншыя выкарыстоўваўся тэрмін «сарочка», але ў некаторых рэгіёнах існавалі назвы «рубашка» і «кашуля». Выкарыстоўваўся таксама тэрмін «рубашачка» для абазначэння кароткага, да таліі, жаночага адзення[7]. А вось «чэхлікам» называлі верхнюю частку сарочкі да пояса з тонкай, больш якаснай матэрыі.

У мужчын плечавое нацельнае адзенне называлася кашуля, сарочка, рубаха, лянка, срачыца[8].

Нягледзячы на шырокае выкарыстанне на сарочках вышываных і тканых геаметрычных арнаментаў яшчэ з часоў сярэдневечча, слова «вышыванка» ў дачыненні да вышыванай вопраткі і кашуль на беларускіх тэрыторыях не ўжывалася[9]

Гісторыя

XX стагодзе

У 1913 годзе беларускія актывісты, што збіралі прадметы народнай творчасці, упершыню выставілі вышываныя строі на грамадскі агляд на Першай раённай выставе саматужнага промыслу і народнай творчасці, што праходзіла ў Вільні і дзе былі прадстаўлены вырабы беларускіх і літоўскіх майстроў. Наведвальнікі, паглядзеўшы выстаўку, ацанілі, што вялікая частка старасвецкай народнай культуры ўжо страчана[10].

Вышытыя і народныя кашулі заставаліся ва ўжытку ў савецкіх рэспубліках яшчэ ў 1920-я — пачатак 1930-х, падчас НЭПа і карэнізацыі (у БССР — беларусізацыі). У БССР вышываную сарочку, як урачыстую вопратку, апраналі як партыйныя кіраўнікі, так і простыя людзі. З пачаткам працэсу мадэрнізацыі і індустрыялізацыі самаробная і вышываная адзежа была выцесненая з паўсядзённага ўжытку[11], але яе пачалі шырока выкарыстоўваць шматлікія ансамблі і гурты народнай творчасці, што збіраліся пры дамах культуры, школах і г.д.

Лічыцца, што ўздым папулярнасці беларускіх народных кашуль з арнаментам прыйшоўся на другую палову 1950-х гадоў і пачатак 1960-х. Звычайна, гэта звязваюць са знаходжаннем на чале Савецкага Саюза Мікіты Хрушчова (1953—1964), які любіў вышытыя кашулі і сам часта з’яўляўся на публіцы апрануты ў іх. Але новыя пакаленні партыйнай эліты паходзілі з гарадскіх працоўных, а не з сялян, і таму не насілі вышываныя кашулі. Геаметрычны арнамент і адзенне з ім захоўваліся ў асноўным у дамах народнай творчасці, ансамблях народнай песні і танца, у тым ліку Ансамблі народнага танца БССР, якія фінансаваліся дзяржавай, а таксама ў некаторых вёсках, дзе захавалася традыцыя вырабу народнага тэкстылю[9].

Мужчынская сарочка

Мужчыны ў сарочках. Хатынічы Ганцавіцкага раёна. Фота І. Сербава. 1912

Найбольш старажытны элемент мужчынскага касцюма — кашулю — сяляне насілі ў любым узросце, у будні і ў святы, пры любым матэрыяльным і сямейным становішчы.

Пачаткова ва ўсходніх славян мужчынская кашуля была доўгай, часам нават да калена, і яе насілі разам са штанамі. Па сцёгнах яна была падпяразана поясам, якія са старажытных часоў былі ільняныя ці суконныя[12].

Крой

Сарочкі кроілі з палатна такім чынам, што ні адзін кавалак тканіны не прападаў[13]. Найболей тыповым узорам мужчынскай кашулі была тунікападобная льняная кашуля без швоў на плячах, якая не мела каўняра, але мела разрэз пасярэдзіне грудзіны. На шыі кашуля зашпільвалася на гузік альбо завязвалася стужкай, тасёмкай.

Паколькі шырыня даматканага палатна не перавышала 45 — 53 см і яго не хапала для аб’ёму кашулі, з бакоў да асноўнага палотнішча ніжэй рукавоў прышывалі прамыя кавалкі тканіны шырынёй у палавіну цэльнага палатна, складзенага ўздоўж на аснове (на больш худых надточку прышывалі звычайна толькі з левага боку асноўнага палотнішча)[13]. Зверху да «стана» з абодвух бакоў прышывалі доўгія прамыя рукавы, пад якія ўшывалі ромбавідныя або квадратныя ластавіцы («цвіклі», «ластаўкі»). Даўжыня кашулі даходзіла да каленяў, а часам і закрывала іх[13].

Другі старажытны тып мужчынскай кашулі, вядомы ўсім усходнім славянам, на Беларусі складала кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, якія называліся «палікамі», а ў некаторых мясцовасцях «вустаўкамі»[13]. Такі крой кашуль быў найбольш распаўсюджаны на тэрыторыі Палесся, дзе пераважаў да пачатку XX стагоддзя. Мужчынскія кашулі ў адрозненне ад жаночых звычайна шылі з больш грубага палатна, тканага ў два ніты[13].

Жаночая сарочка

Разнастайнасць вышыўкі на жаночых сарочках. Прудок Мазырскага раёна. Фота І. Сербава. 1912

У жанчын сарочка з’яўлялася адным з асноўных кампанентаў комплекса[13] і магла быць адзіным адзеннем. У мінулым гэтая частка жаночага адзення мела ўніверсальнае прызначэнне.

Доўгая сарочка ў паўсядзённым варыянце шылася з грубага палатна і складалася звычайна з дзвюх частак: «станіны» з больш тонкага палатна і «падточкі» — з грубага. Святочныя сарочкі шыліся звычайна без падточкі доўгімі («дадольныя», «сцэльныя»). Больш заможныя сялянкі стараліся мець святочныя прыгожа вышытыя сарочкі з тонкага кужэльнага палатна.

Крой

Крой жаночай сарочкі з палікамі з в. Семежава Капыльскага раёна

Гледзячы на гістарычныя крыніцы, крой сарочкі ўяўляў сабой прамавугольны кавалак тканіны, складзены ўдвая па нітцы скрутка, а ў месцы перагіну рабіўся выраз для гарлавіны.

Пачаткова жанчыны насілі кароткае і доўгае адзенне, а з XIII стагоддзя крой змяняўся ад простага да больш складанага. Самая простая форма сарочкі мела пазушны разрэз, які замацоўваўся завязкамі ці фібуламі. Каўнер быў самастойнай накладной дэталлю, якая рознымі спосабамі мацавалася да стану рукава[14].

Крой сарочак быў падобны ва ўсіх усходнеславянскіх народаў: тунікападобныя, з палікамі-«ўстаўкамі», на гестцы і з плечавымі швамі[13].

Да найбольш распаўсюджаных сярод беларусаў адносяцца жаночыя сарочкі з плечавымі ўстаўкамі. Такую сарочку шылі з прамавугольных кавалкаў тканіны, якія злучаліся ў вобласці пляча дэталямі таксама прамавугольнай формы. Памеры гарлавіны рэгуляваліся за кошт зборкі: зрэзы, якія звернутыя да гарлавіны, збіраліся на нітку па памеры шыі. Палік злучаўся са станам, утвараючы лінію проймы. Рукаў прышывалі гладка ці з мяккімі зборкамі простым ці дэкаратыўным швом. Унізе проймы ўстаўлялі клін. Такія сарочкі былі прасторнымі, больш свабоднымі па лініі грудзей і сама лінія сілуэта зверху была больш пластычнай[15].

Арнаментацыя

Сарочкі беларусаў Палесся ўпрыгожваліся па падоле вышыўкай, якая бачна была з-пад спадніцы[13].

Крыніцы

  1. Срезневский И. И. Материалы для словаря древнерусского языка по письменным памятникам. СПб., 1903. Т.3. С. 467. (руск.)
  2. Moszynski K. / Kultura Ludowa slovian. T. 1. Kultura materjalna. Warszawa, 1967. S.459. (польск.)
  3. Срезневский И. И. Материалы для словаря древнерусского языка по письменным памятникам. СПб., 1903. Т.3. С. 2, стб. 184.
  4. Арциховский А. В. Одежда // История культуры Древней Руси. Домонгольский период. Т. 1. Материальная культура. М.; Л., 1948. С. 234—235. (руск.)
  5. Цыганенко Г. П. Этимологический словарь русского языка. Киев, 1970. (руск.)
  6. Летописец Переяславля Суздальского // Русские летописи. М., 1897. Т. I—III. С.7 — 17. (руск.)
  7. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 145—147.
  8. Рабаданова Л. И. Названия одежды, головных уборов и материалов для их изготовления в памятниках старобелорусской письменности. Мн., 1991. С. 17. (руск.)
  9. а б Лобачевская, Ольга. Белорусский народный текстиль. Минск: Беларуская навука, 2013.
  10. Вышыванка вяртаецца з трыумфам
  11. 4. Chuchvaha, Hanna. «Belarus.» World Dress and Fashion Vol 9 East Europe, Russia, and the Caucasus, edited by Djurdja Bartlett (Oxford: Berg Publishers, 2010): 87-99
  12. Бялявіна, В. М. Мужчынскі касцюм на Беларусі… С. 104.
  13. а б в г д е ё ж Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5. С. 68
  14. Татур Г. Х. Очерк археологических памятников на пространстве Минской губернии и её археологическое значение. Мн., 1892. С. 233—234.
  15. Бялявіна, В. М. Жаночы касцюм на Беларусі… С. 160—165.