Вёска
Рамашканцы
Рамашканцы на карце Беларусі ±
|
Рамашка́нцы[1] (трансліт.: Ramaškancy, руск.: Ромашканцы) — вёска ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Пераганцаўскага сельсавета.
Геаграфія
Знаходзіцца за 8 км у напрамку на ўсход ад гарадскога пасёлка Воранава, ля ракі Жыжма. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па дарозе Воранава—Вінцукі.
Рэльеф тэрыторыі пераважна раўнінны, сфарміраваўся ў зоне паазерскага зледзянення. Паблізу апісаны насоўныя скібы, арыентаваныя з поўначы на поўдзень, прыціснутыя адна да адной, збудаваныя з марэнных і водна-ледавіковых адкладаў. Рамашканскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу[2] знаходзіцца каля паўночнай ускраіны вёскі, пластавы паклад водна-ледавіковага паходжання.
Забудова вёскі двухбаковая, дамамі сядзібнага тыпу. Вытворчы сектар у паўночнай частцы (ферма).
Гісторыя
Вядома з канца XVIII ст. як вёска Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ВКЛ, у складзе сталовага маёнтка віленскага біскупа Ігнацы Масальскага. У 1790 годзе 15 дымоў, у т.л. 7 баярскіх, 2 зямянскія, 6 цяглых. Мелася рабочай жывёлы 17 коней і 34 валы. Зямлі сядзібнай 8,5 валокі, прыёмнай 7,5 валокі.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, з 1842 года ў Віленскай губерні, у другой палове ХІХ ст. ў Седліскай воласці Ашмянскага павета.
У Першую сусветную вайну з верасня 1915 года да канца 1918 года акупавана германскімі войскамі. Са студзеня 1919 года ў складзе БССР, у красавіку занята польскімі войскамі. З ліпеня да верасня 1920 года кантралявалася Чырвонай Арміяй, затым ізноў польскімі войскамі.
3 1921 года ў складзе Польшчы, у Седліскай гміне Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства.
3 лістапада 1939 г. у БССР. 3 15 студзеня 1940 года ў Воранаўскім раёне, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр Рамашканцаўскага сельсавета. З канца чэрвеня 1941 г. да сярэдзіны ліпеня 1944 г. вёска акупавана нацыстамі.
3 20 верасяня 1944 года ў Гродзенскай вобласці. Да 1954 гадах цэнтр Рамашканцаўскага сельсавета, затым да 1964 года ў складзе Воранаўскага сельсавета, да 1966 года ў складзе Воранаўскага пассавета[3].
Крыніцы
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- ↑ Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 студзеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 9 (1129).
Літаратура
Спасылкі
|
---|
Цэнтр | |
---|
Аграгарадкі | |
---|
Вёскі | |
---|
Хутары | |
---|