Полацкая школа дойлідства пачала фарміравацца на аснове і пад уплывам візантыйска-кіеўскіх традыцый. Але ўжо ў першай палове XII ст. мураванае будаўніцтва ў княстве пайшло па іншым, чым у Кіеве, шляху.
Характарыстыка
Развіццё Полацкай школы дойлідства не было адназначным. На раннім этапе выступала тэндэнцыя наследавання Кіеўскім узорам, як, напрыклад, у Вялікім саборы Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, які шмат у чым нагадваў царкву Спаса ў Бераставе пад Кіевам[1]. Толькі ў сярэдзіне XII ст. склалася традыцыя, якая найбольш яскрава ўвасобілася ў творчасці майстра Іаана. Ён першым са старажытнарускіх майстроў рашуча парывае з канонамі візантыйска-кіеўскага дойлідства і стварае свой адметны тып храму вежападобнай кампазіцыі ў полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царкве і бельчыцкай Барысаглебскай царкве, арыентуючыся ў гэтым на славуты прататып — Сафію[1].
3 аднаго боку ў полацкім дойлідстве захоўваюцца архітэктурныя формы, ад якіх ужо ў пачатку XII ст. адмовіліся ў Кіеве (выкарыстанне муроўкі «са схавным радам», каменных блокаў, плоскіх лапатак, абхадных галерэй), з другога — рашучы перагляд крыжова-купальнай сістэмы храма. Будаўнікі, не адмаўляючыся ад яе канструкцыйнай асновы, за кошт пераразмеркавання мас акцэнтуюць увагу на вежападобнасці сілуэта царквы. Яснасць архітэктурнай кампазіцыі, сіметрычная ўпарадкаванасць форм, аб'ядноўваючых прастору, падкрэсліваюць панаванне вертыкальнай дамінанты. Але найбольш красамоўным сведчаннем новаўвядзенняў полацкіх дойлідаў з'яўляецца перанос падкупальнай прасторы з усходу і размяшчэнне яе над заходнімі парамі слупоў. У спалучэнні з пазакамарным перакрыццем, выкарыстаннем какошнікаў, вертыкаляў плоскіх лапатак такі будаўнічы прыём надаваў храмам вежападобны выгляд, ствараў выразныя сілуэты знешніх аб'ёмаў. Атрымліваюць распаўсюджанне бесслуповыя цэрквы з адной апсідай і прытворам на захадзе, трохнефавыя чатырох- ці шасціслуповыя храмы, у якіх сваімі памерамі пераважае галоўны неф, а два бакавыя робяцца вузейшымі за яго. У гэтым выпадку знадворку вылучаліся тры апсіды або толькі адна, тая, што завяршала галоўны неф. Тады апсіды ў канцах бакавых нефаў мелі выгляд ніш і змяшчаліся ў тоўшчы ўсходняй сцяны[2].
Даследчыкі сцвярджаюць, што будаўніцтва полацкай Сафіі было даручана візантыйскім дойлідам, паколькі менавіта візантыйскія арцелі будавалі кіеўскуюДзесяцінную царкву(руск.) (бел. (1-я арцель) і чарнігаўскіСпаса-Праабражэнскі сабор(руск.) (бел. (2-я арцель), а затым (3-я арцель) Сафійскія саборы ў Кіеве і ў Ноўгарадзе. Аднак, мяркуецца, што Сафійскі сабор у Полацку будавала іншая, 4-я арцель, аб чым сведчаць адрозненні ў канструктыўнай пабудове полацкай Сафіі ад аналагічных пабудоў у Кіеве і Ноўгарадзе[5].
У сваім першапачатковым выглядзе полацкая Сафія ўяўляла сабой пяцінефны трохапсідны крыжова-купальны храм шырынёй 26,4 м і даўжынёй 31,5 м разам з апсідамі. Для параўнання, шырыня кіеўскай Сафіі — 39,2 м, даўжыня — 34,25 м, наўгародскай Сафіі адпаведна — 39,35 м і 35,5 м[3]. Сцены храма выкладзены з цэглы (плінфы) у тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам». Сабор меў пяць купалаў (паводле летапісных крыніц канца XVI ст. — сем; два дадатковыя маглі знаходзіцца ў яго заходняй частцы), з якіх вылучаўся галоўны. Ён узвышаўся ў цэнтры будынка і праз барабан і папружныя аркі абапіраўся на чатыры масіўныя слупы. Утвораная прастора была падобная да крыжа, а ўвесь храм адпавядаў крыжова-купальнаму тыпу культавага збудавання, канструкцыйныя асаблівасці якога склаліся ў Візантыі і былі запазычаны ўсходнімі славянамі разам з іншымі хрысціянскімі формамі[6].
Непадалёку ад Сафійскага сабора на тэрыторыі княжацкага двара выяўлены падмурак і сцены яшчэ аднаго храма. Мураваны шасціслуповы будынак памерам 24×16 м меў тры нефы, з якіх галоўны завяршаўся апсідай, а бакавыя — нішамі, утопленымі ў тоўшчу ўсходняй сцяны. Падкупальная прастора, як і ў іншых полацкіх храмах, верагодна, таксама была ссунута на захад, а да асноўнага аб'ёма з трох бакоў прымыкалі прытворы, паўднёвы і паўночны з якіх завяршаліся апсідамі. Выразны вежападобны сілуэт царкве надавалі выкарыстаныя закамарнае перакрыцце і какошнікі, складанага профілю лапаткі, манументальнае, накшталт партала, вырашэнне галоўнага ўвахода на заходнім фасадзе[7].
Выяўленыя на ішым баку рова дзяцінца пры археалагічных раскопках М. К. Каргера (1962, 1967), а затым П. А. Рапапорта (1976 і 1977) рэшткі храма атрымалі ўмоўную назву «Царква на рове». Помнік быў зрыты ў наш час пры будаўніцтве школы № 8, захаваліся толькі падмуркавыя равы і частка падмуркаў апсіды. Даўжыня апсіды каля 7,5 м, шырыня — 7,1 м, шырыня сярэдняга нефа — 4,45 м. Рэшткаў мура не захавалася нідзе, аднак плінфы, якія знойдзены на месцы пабудовы, на пакатым баку маюць буйныя «княжацкія» знакі. Яны і знойдзены паблізу шыфернысаркафаг сведчаць аб тым, што гэта была пахавальня кагосьці з нашчадкаў Усяслава Брачыславіча. Рапапорт, на падстваве знакаў на плінфе і па яе фармату, аднёс помнік да трэцяй — чацвёртай чвэрцях XII ст.[7].
Манастыры
Важная канфесійная, грамадска-палітычная, прадстаўнічая, а таксама абарончая ролі ў жыцці Полацкага княства адводзіліся Бельчыцкаму Барысаглебскаму і Спаса-Праабражэнскаму манастырам, паўсталі паблізу ад горада ў канцы XI—XII стст. і ўключалі па некалькі храмаў, жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Усе работы па іх узвядзенню, верагодна, былі выкананы мясцовымі майстрамі, паколькі многія выкарыстаныя тут архітэктурныя рашэнні і прыёмы адрозніваюцца ад тых, што існавалі ў суседніх Кіеўскім і Наўгародскім княствах[8].
Пасля заканчэння будаўніцтва Сафійскага сабора ў сярэдзіне XI ст. гадах манументальнае будаўніцтва ўзнаўляецца на мяжы XI—XII стст. з будаўніцтвам Вялікага храмаБельчыцкага манастыра пад Полацкам[9][10]. Іншыя схіляюцца да больш позняй даты — 20-я, а то і 30-я гады XII ст[11].
Вялікі сабор[заўв 1] пабудаваны ў 1120-1130-я гг. вылучаўся сярод астатніх значнымі памерамі, якія мала саступалі Сафійскаму сабору і складалі ў даўжыю без прытвора 22,5 м, а ў шырыню — 16,5 м. Верагодна, гэта быў галоўны храм манастыра. Яго разбурылі ўжо ў XVI ст., і ў пачатку XX ст., калі пачалося вывучэнне Бельчыцкага манастырскага комплексу, меліся толькі падмуркі ды сціплыя апісанні ў літаратурных крыніцах. Таму рэканструкцыя першапачатковага выгляду Вялікага сабора, яго архітэктурнай пластыкі дастаткова прыблізная. Разам з тым супастаўленне выяўленых матэрыялаў — памераў і канструкцыі падмуркаў, кавалкаў кладкі, элементаў дэкору — дазваляюць канстатаваць, што гэта быў шасціслуповы, трохнефавы сабор з трыма апсідамі. Да яго паўднёвага, паўночнага і заходняга фасадаў прымыкалі амаль квадратныя ў плане прытворы, надаючы царкве крыжовасць[13].
Сцены Вялікага сабора выкладзены таксама ў тэхніцы візантыйскай кладкі «са схаваным радам» з устаўкамі вялікіх апрацаваных камянёў. Але ў адрозненне ад Полацкай Сафіі Бельчыцкі храм упрыгожвалі знадворку і ўнутры плоскія лапаткі. Іх памеры і размяшчэнне адпавядалі ўнутранаму чляненню царквы шасцю крыжовымі ў плане слупамі. Новым у будынку было таксама месца размяшчэнне купала. Ён абапіраўся не на ўсходнія, а на заходнія пары слупоў і, такім чынам, быў крыху ссунуты ад цэнтра да ўвахода. Наяўнасць у Бельчыцкім саборы прытвораў, ніжэйшых за асноўны аб'ём, ссунутасць купала ў заходні бок надавалі яго знешняму выгляду выцягнутыя ўверх прапорцыі. Гэта адметнасць стане ў далейшым характэрнай рысай большасці храмаў Полацкага княства. Вялікі сабор у Бельчьшкім манастыры быў упрыгожаны фрэскавымі роспісамі, а яго падлога ў алтары выкладзена ўзорамі з паліваных керамічных плітак[14].
Яшчэ адзін храм манастыра, Пятніцкая царква, пабудаваны ў XII ст., яе аўтарства звязваюць з імем полацкага дойліда Іаана. Царква была разбурана пасля 1920 г. Храм уяўляў сабой бесслуповы аднанефавы будынак невялікіх памераў з бакамі плана ў 5,1—5,8 м, мела адну прамавугольную ў плане апсіду, прытвор з захаду, а таксама склеп, які размяшчаўся пад усім будынкам, акрамя алтарнай часткі, і быў, верагодна, усыпальніцай князя Барыса Усяславіча. Аб характары перакрыццяў і завяршэння царквы існуе некалькі версій. Паводле першай, зыходзячы з планіроўкі і адсутнасці апсід, храм меў корабавыя скляпенні і быў бяскупальным, паводле іншай — яго вянчаў купал на барабане. Сістэма кладкі сцен царквы з чырвонай плінфы на ружовым растворы цамянкі засноўвалася на чаргаванні ўтопленых і выступаючых радоў, што было традыцыйным для культавых будынкаў Полацкага княства таго часу. Нават пры невялікіх знешніх памерах храм меў манументальны выгляд, ясна выказаную слуповасць сілуэта, якую яму надавалі ніжэйшыя за асноўны аб'ём, апсіда і прытвор, падкрэслівалі плоскія вонкавыя лапаткі, вертыкалі аконных праёмаў, размешчаных у два ярусы[15].
Трэцім значным будынкам Бельчыцкага манастыра з'яўлялася Барысаглебская царква, узведзеная ў сярэдзіне XII ст. Архітэктарам Барысаглебскага храма, як і Пятніцкай царквы, лічыцца майстар Іаан. Такое меркаванне грунтуецца на тым, што ў названых будынках выкарыстаны шэраг прыёмаў, якія знайшлі потым найбольш поўнае і завершанае ўвасабленне ў Спаса-Праабражэнскім саборы, аўтарам якога, што пацверджана летапіснымі крыніцамі, ён быў. Аднакупальны храм меў тры паўкруглыя апсіды, яго ўнутраная прастора падзялялася на тры нефы шасцю слупамі, што ішлі ў два рады, прычым цэнтральны неф вылучаўся большымі памерамі за бакавыя. У заходняй частцы будынка слупы злучаліся прасценкамі з паўднёвай і паўночнай сценамі, утвараючы аб'ём прытвора з корабавымі скляпеннямі. На ім знаходзіліся хоры. Па бакавых фасадах ішлі плоскія пілястры, паміж якімі ў два рады размяшчаліся вокны — большыя па вышыні зверху і меншыя — знізу. Сцены царквы выкладзены з плінфы на вапнавайрошчыне з цамянкай у тэхніцы «са схаваным радам» — традыцыйны спосаб муроўкі полацкіх будынкаў. Але ў адрозненне ад іншых храмаў у гэтым маляўнічы выгляд быў узмоцнены дадатковай афарбоўкай радоў цэглы ў чырвоны колер і спецыяльнай апрацоўкай светлых палос кладкі, якая, за кошт выкарыстаных спецыяльных штампаў, імітавала мур з пясчаніку[16].
Чацвёртую з вядомых цэркваў Бельчыцкага манастыра, так званы храм-трыконх, падмуркі якога былі знойдзены падчас земляных работ у канцы XVIII ст.. Храм быў узведзены, верагодна, у першай палове ці сярэдзіне XII ст. Звестак пра яго захавалася вельмі мала, паколькі будынак быў разбураны яшчэ задоўга да адкрыцця, пра што сведчыць складзеныя ў той час невядомым аўтарам запіска і план. На іх падставе можна меркаваць, што храм быў чатырохслуповы, меў адну апсіду з усходу і па адной з паўночнага і паўднёвага бакоў, тры ўваходы і крыпту. Такім чынам, не толькі ўнутраны аб'ём царквы меў крыжападобнае чляненне, яно прачытвалася і ў знешніх формах. Аналагічны тып культавага будынка, вядомы як храм-трыконх(ням.) (бел., рэдкі для старажытнабеларускіх земляў і больш вядомы ў архітэктуры Балгарыі, Сербіі, Грэцыі (Афонскі манастыр), можа разглядацца і як архітэктурнае запазычанне, і як прыклад культурных, канфесійных сувязей Полацкага княства з іншымі праваслаўнымі краінамі Еўропы[17]
Увасабленнем новага тыпу храма на ўсходнеславянскіх тэрыторыях з'яўляецца сусветна вядомы Спаса-Праабражэнскі сабор — практычна адзіны будынак, які захаваўся ў амаль непашкоджаным стане. Царква ўяўляе сабой невялікі па памерах трохнефавы шасціслуповы аднаглавы храм. Даўжыня яго бакавых сцен складае 9,8 і 14,4 м. Галоўны неф завяршае паўкруглая апсіда, болыш вузкія бакавыя — дзве паўкруглыя нішы, схаваныя ў тоўшчы ўсходняй сцяны. На хоры, якія займаюць прастору не толькі над прытворам, але і над заходнімі вуглавымі часткамі будынка, вядуць дзве лесвіцы, што праходзяць у заходняй сцяне. Паабапал хораў узведзены дзве невялікія цэркаўкі, якія, як мяркуецца, былі малельнямі заснавальніцы храма Ефрасінні і яе сястры Еўдакіі[19].
Як і ў будынках Барысаглебскага манастыра, падкупальная прастора сабора ссунута ад цэнтра на захад, а яго сцены выкладзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Праведзеныя ў другой палове XX ст. даследаванні храма дазволілі прыйсці да высновы, што ён меў не двухсхільны дах, які з'явіўся ў выніку перабудоў XIX ст., а пазакамарнае перакрыцце асноўнага аб'ёма і больш нізкага прытвора з захаду. Акрамя гэтага, архітэктарам былі выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, якія забяспечвалі паступовы пераход да кубічнага пастамента-асновы для барабана і купала. Такое канструкцыйнае і кампазіцыйнае вырашэнне надавала ўсяму будынку вежападобнасць, дынамічнае нарастанне мас[20].
Падчас раскопак на тэрыторыі Спаса-Праабражэнскага манастыра былі выяўлены рэшткі храма-пахавальні. Храм уяўляў сабой шасціслуповы, трохнефны крыжова-купальны будынак з адной апсідай і хорамі на захадзе. Ён, верагодна, быў узведзены ў пачатку — першай палове XII ст. 3 паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў храм абкружала шырокая галерэя, аб'ёмы якой мелі выгляд прытвораў. Пад яе падлогай знойдзены старажытныя пахаванні ў цагляных скляпах, магчыма, полацкіх епіскапаў. Сцены будынка былі выкладзены з плінфы ў тэхніцы «са схаваным радам», у яго аздобе шырока выкарыстоўваліся роспісы, у пакрыцці падлогі — дэкаратыўныя керамічныя пліткі і мазаікі[7].
Багародзіцкі манастыр
Ёсць падставы меркаваць, што на правым беразе Палаты паміж гарадзішчам і Спаскім манастыром існаваў манастыр Багародзіцы, заснаваны Ефрасінняй, у якім таксама знаходзілася мураваная царква. Прыкладна ў гэтым месцы, «на Ксаверыеўцы», у мінулым стагоддзі былі выяўлены старажытныя муроўкі. Л. Аляксееў, грунтуючыся на інфармацыі Лебедзеўскага летапісу, атаясамлівае помнік з царквой Юрыя[21].
Іншым шляхам, чым у Полацку, пачало развівацца ў сярэдзіне ХІІ ст. манументальнае будаўніцтва ў Віцебску. У адзіным вядомым помніку гэтага часу — Дабравешчанскай царкве — выкарыстаная сістэма муроўкі з чаргаваннем радоў плінфы і каменных блокаў. Такая тэхніка будаўніцтва сустракалася ў Балгарыі і Грэцыі, адкуль, відаць, і былі запрошаныя майстры ў Віцебск[1]. У той жа час помнік мае рысы полацкай архітэктуры: гэта і моцна выцягнутая форма плана, наяўнасць адной масіўнай апсіды. Лесвіца на хоры змяшчалася ў тоўшчы заходняга мура. Узровень першапачатковай падлогі на метр вышэй тагачаснай дзённай паверхні, а гэта азначае, што будынак меў высокі цокаль, што з'яўляецца рэдкім выпадкам у практыцы ўсходнеславянскай архітэктуры[22]. На жаль, разбурэнне помніка ў 1961 г. ускладніла яго далейшае даследаванне[1].
Менск
Ha рубяжы ХІ і XII стст. у нязвыклай для Полацку тэхніцы распачата будаўніцтва Менскай замкавай царквы, якой па нейкіх прычынах так і не было скончана. Храм будваўся з каменю, на бутавых падмурках, з абмуроўкай сцен пліткамі з абчасанага вапняку[1]. Добра захаваныя падмуркі даюць магчымасць рэканструяваць план пабудовы[23]. Мяркуючы па характары плану, можна ўявіць, што дойліды хацелі ўзвесці кампактны цэнтрычны храм вежападобнай кампазіцыі, дзе выразна выявіліся полацкія традыцыі[1]. Неабходна адзначыць, што своеасаблівымі рысамі яго былі незвычайная канструкцыя падмуркаў, якая ўключала драўляныя субструкцыі, абліцоўка ўнутраных сцен апрацаванымі квадратамі даламіту. Мінская царква не мае аналагаў сярод помнікаў на абшарах усходнеславянскіх зямель, але май рысы раманскай архітэктуры. На думку Э. Загарульскага, у яе збудаванні прымалі ўдзел польскія майстры[24].
Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце. У 4 т. Т.1. IX—XIV стст./А. І. Лакотка [і інш.] Навук. рэд. А. І. Лакотка — Мн.: Бел.навука, 2005. — с.392.
Лазука, Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва. У 2 т. Т.1. Першабытны лад — XVII ст./ Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2007. — с.252.
Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т.1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVІ ст./ Рэд.кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) і інш. — Мн.: Навука і тэхніка, 1987 — с. 304.
Мураваная царкоўная архітэктура/Беларусы: У 8 т. Т.2.Дойлідства/ А. І. Лакотка; Інст-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка: Мн.: Тэхналогія, 1997 — с.391.
Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік/ Маст. І. І. Бокі — Мн.: БелЭн, 2001. — с.328.
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.даведнік/ Бел. Энцыкл.; Рэдкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993 — с.620.