Патрык (Пэт) Куінлан (ірл.: Patrik Quinlan; 1919—1997) — афіцэр ірландскай арміі, камандаваў ірландскімі міратворцамі падчас аблогі Жадавіля ў кангалезскай правінцыі Катанга ў верасні 1961 года. Байцы Куінлана, па прычыне недахопу боепрыпасаў і іншых рэсурсаў, былі вымушаны здацца, з-за чаго яго рэпутацыя моцна пацярпела. Аднак пасля смерці ваеннага праведзена падрабязнае вывучэнне тых падзей, і яго дзеянні былі апраўданы[1][2].
Біяграфія
Сям’я і ранняе жыццё
Патрык Куінлан нарадзіўся ў 1919 годзе ў Рынера, графства Кэры[3][1]. Скончыў школу ў суседнім Лохеры[3]. У яго і яго жонкі Кармэль быў сын Леа, якому на момант падзей у Жадавіле было 16 гадоў. Пазней Леа, як і яго бацька, стаў вайскоўцам[3][4].
Рота «А» 35-га батальёна міратворчага кантынгенту ONUC ірландскай арміі пад камандаваннем каменданта Куінлана падвергнулася нападу войск самаабвешчанай Дзяржавы Катанга. Лёгкаўзброеная рота Куінлана акапалася ў горадзе Жадавіль (сучасны Лікасі), дзе на працягу шасці дзён адлюстроўвала атакі праціўніка. Спробы па дэблакаванні акружаных не ўвянчаліся поспехам.
Падчас баёў пяцёра з роты Куінлана былі паранены, у той час як войскі Катангі і замежныя найміты страцілі да 300 чалавек забітымі і ад 300 да 1000 параненымі. Аднак з-за недахопу боепрыпасаў, запасаў вады і ежы Куінлан прыняў рашэнне здацца[5].
На працягу прыкладна аднаго месяца ірландцы знаходзіліся ў палоне, пакуль іх не абмянялі на зняволеных сепаратыстаў. Пасля вызвалення рота «А» была вернута на сваю базу ў Элізабетвілі. Праз некаторы час байцы Куінлана зноў прынялі ўдзел у баявых дзеяннях[6]. У снежні таго ж года рота «А» была вернута дадому ў Ірландыю[7].
Пасля вяртання з Конга
Урад Ірландыі не надаваў асаблівага значэння бітве за Жадавіль, і ні адзін ірландскі салдат не атрымаў ніякіх узнагарод за ўдзелу ў тых баях. Больш за тое, у вачах грамадскасці міратворцы паўсталі як трусы і здраднікі, паколькі здалі горад сепаратыстам[8]. Куінлан прапанаваў кіраўніцтву прадставіць некалькіх байцоў, якія ўдзельнічалі ў аблозе, да Ваеннай медалі за доблесць, вышэйшай вайсковай узнагароды Ірландыі.
Куінлан больш ніколі не выпраўляўся ў замежныя камандзіроўкі. Пасля 40 гадоў службы ў Ірландскай арміі ён пайшоў у адстаўку ў званні палкоўніка[4].
Патрык памёр у 1997 годзе, не падазраючы, што яго рэпутацыя будзе адноўлена праз дзевяць гадоў пасля яго смерці[2]. Яго жонка Кармэль таксама не дажыла да афіцыйнай рэабілітацыі і памерла праз два гады пасля смерці мужа[3].
Прызнанне і рэабілітацыя
Ветэраны аблогі Жадавіля былі незадаволены адмовай камандавання прызнаць іх подзвіг і ачарненнем рэпутацыі іх камандзіра[2]. Пасля працяглай кампаніі за прызнанне, у 2004 годзе тагачасны міністр абароны Вілі О’Ды пагадзіўся правесці дэталёвае вывучэнне тых падзей. Расследаванне міністэрства абароны зняло з Куінлана і роты «А» абвінавачванні ў правінах і баязлівасці. У 2005 годзе на тэрыторыі казармаў у Атлане быў узведзены памятны камень у знак удзячнасці байцам роты «А» 35-га батальёна[9].
Тактыка Куінлана ў Жадавіле паўплывала на наступныя навучальныя праграмы[10] і была занесена ў ваенныя падручнікі ўсяго свету як лепшы прыклад абароны па перыметры[1].
У культуры
У фільме «Аблога Жадавіля» (2016), па матывах кнігі Дэклана Паўэра «Аблога Жадавіля: забытая бітва ірландскай арміі» (2005)[11], ролю каменданта Куінлана выконвае Джэймі Дорнан[12]. Яго жонку Кармэль гуляе Фіёна Глэскот[13]. Сын Куінлана, Леа, заявіў, што Дорнан меў моцнае падабенства з яго бацькам і правільна сыграў яго ва ўсім, акрамя дыялекта графства Кэры, які быў настолькі моцным, што «калі б ён пачаў размаўляць з акцэнтам майго бацькі, вам спатрэбіліся б субтытры»[3]. Унук Куінлана, Конар, быў удзельнікам здымачнай групы[14].
Зноскі
↑ абвFormer Taoiseach unveils plaque honouring Jadotville commandant(нявызн.). RTE (28 кастрычніка 2017). — «Commandant Quinlan's action is cited in military textbooks worldwide as the best example of the use of the so-called perimeter defence.» Праверана 30 кастрычніка 2017.
↑ абвCarney, Jim (2012). "From Galway to the Congo — into the Heart of Darkness – Part 2". The Tuam Herald. Архівавана з арыгінала 2011-10-05. Праверана 2012-01-06. They should all have been hailed as heroes; Ireland knows that now, but it was a long, slow, painful road to redemption, and vindication, especially for the brave, fearless Patrick Quinlan who went to his grave, in 1997, not knowing that he would gain posthumous recognition, with full honour restored, nine years later.Архіўная копія(нявызн.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2011. Праверана 26 чэрвеня 2020.Архіўная копія(нявызн.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2011. Праверана 26 чэрвеня 2020.
↑ абTadhg Evans. Caherdaniel pays tribute to famous son Pat Quinlan(нявызн.). The Kerryman (28 кастрычніка 2017). — «Later retiring as a Colonel after more than 40 years' service to the Irish Army, the Caherdaniel native passed away in 1997» Праверана 30 кастрычніка 2017.