У гады Вялікай Айчыннай вайны, знаходзячыся на тэрыторыі, акупаванай нямецкімі войскамі, усе паркі Пецяргофа атрымалі вельмі сур’ёзныя пашкоджанні. Асабліва пацярпелі Верхні сад і Ніжні парк, сістэма фантаннага вадавода. Рэстаўрацыйныя працы, распачатыя ў 1944 годзе, працягваюцца дагэтуль.
Гісторыя
Упершыню Пецяргоф згадваецца ў 1705 годзе як «пуцявы двор» і прыстань для пераезду на востраў Котлін. Гэта была адна са шматлікіх мыз («спадарожных святліц»), пабудаваных па дарозе з Санкт-Пецярбурга ўздоўж паўднёвага берага Фінскага заліва.
У 1712 годзе пачынаецца будаўніцтва загараднай імператарскай рэзідэнцыі для Пятра I. У 1714 годзе быў закладзены Вялікі палац.
У 1715 годзе імператар Пётр I задумаў стварыць парадную імператарскую рэзідэнцыю, здольную пераўзысці знакаміты Версаль. Для гэтых мэт пачалі будаўніцтва ў Стрэльне. Аднак для кругласутачнага функцыянавання фантанаў неабходна было падняць ваду да адзнакі прыкладна 10 метраў над узроўнем мора, а гэта прывяло б да затаплення басейнаў рэк Стрэлкі і Кікенкі, з прычыны таго, што тэрыторыя плошчай у дзясяткі квадратных кіламетраў, якая атачала іх (на поўдзень ад Пецяргофскай дарогі), знаходзіцца ніжэй за названую адзнаку.
Здольныя вырашыць праблему гідратэхнічныя збудаванні абышліся б Пятру I занадта дорага, у той час калі на захад ад Стрэльны існаваў ландшафт, ідэальна створаны прыродай для кругласутачнага паступлення вады. Пайсці супраць царскай волі, інжынернымі разлікамі даказаць немагчымасць стварэння «водных феерый» у Стрэльне і перанесці будаўніцтва ў Пецяргоф змог таленавіты інжынер і гідратэхнік Б. Мініх[2].
Пецяргоф як палацава-паркавы ансамбль фарміраваўся на працягу XVIII — пачатку XX стагоддзя.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года палацы пераўтвораны ў музеі (1918). Падчас вайны быў акупаваны нямецкімі войскамі (1941—1944). Перад іх прыходам удалося эвакуіраваць звыш 8 тыс. прадметаў інтэр’ераў палацаў і каля 50 статуй. Аднак Пецяргоф быў практычна цалкам разбураны артылерыяй.
Пасля вайны пачалося аднаўленне Пецяргофа, якое працягваецца дагэтуль. У 1945 г. адкрыты Ніжні парк, праз год пушчаны фантаны. У 1947 годзе запрацаваў страчаны падчас вайны фантан «Самсон». Вядзецца рэстаўрацыя Вялікага палаца, Манплезіра, Марлі, палаца Катэдж.
Цэнтральнае месца ў кампазіцыі займае Ніжні парк з фантанамі. Разам з Верхнім садам ён утварае найстарэйшую частку ансамбля. З усходу Ніжні парк мяжуе з Александрыяй, якая ў сваю чаргу на поўдні працягваецца Аляксандраўскім паркам. Да Верхняга саду з поўдня прылягае Вольгін стаў, які з’яўляецца часткай Каланісцкага парку. На поўдзень ад яго распасціраецца вялікі Лугавы парк.
На паўднёвы захад ад Ніжняга парку ў XVIII стагоддзі сфарміраваўся пейзажны Англійскі парк. Уніз па Пецяргофскай дарозе, на захад ад Ніжняга парку з поўначы на поўдзень працягнуўся парк Сергіеўка, які з усходу мяжуе з Уласнай дачай.
Фантаны Ніжняга парку
Фантан «Сноп»
Фантан «Самсон»
Рымскія фантаны
Фантан «Ева»
Характэрнай асаблівасцю палацава-паркавага ансамбля Пецяргофа з’яўляецца яго блізкасць да мора. З дзевяці паркаў ансамбля чатыры паўночнай мяжой маюць Фінскі заліў. У гэтых чатырох парках (Ніжні парк, Александрыя, Сергіеўка, Уласная дача) палацы, якія маюць ключавую ролю ў ансамблях, размешчаны на краю натуральнага ўзвышша, што працягнулася ўздоўж узбярэжжа моры.
Важная частка ансамбля — паркі з фантанамі: Верхні сад (з паўднёвага боку) з пяццю фантанамі і Ніжні парк, дзе знаходзіцца найбуйнейшы ў свеце комплекс фантанаў.
Плошча ніжняга парку 102,5 га, фантаны сілкуюцца ад крыніц у раёне Ропшы па вадаводзе даўжынёй 22 км (1721—1724, інжынер В. Туволкаў).
Дэкаратыўным падножжам палаца служыць Вялікі грот з каскадамі, якія атачаюць яго. Вялікі каскад спускаецца да басейна і Марскога канала. У цэнтры басейна — фантан са скульптурай «Самсон, які раздзірае пашчу льва» (1802, скульптар М. І. Казлоўскі) з вышынёй струменя 20 м.
Абапал «каўша» размешчаны Вялікія (Італьянскі і Французскі) фантаны і каланады (1800—1803, архітэктар Вараніхін).
Ад Вялікага Палаца да Фінскага заліва вядзе Марскі канал, які падзяляе Ніжні парк на дзве часткі — усходнюю і заходнюю. Ва ўсходняй частцы парку знаходзяцца каскад «Шахматная гара» і два Рымскія фантаны, у заходняй — каскад «Залатая гара» (Марлінскі) і два Менажэрныя фантаны.
У 2008 годзе ўздоўж Марскога канала была высечана алея блакітных елак. У 2006 годзе на месцы ссечаных дрэў высадзілі еўрапейскія елкі. Адміністрацыя парку тлумачыць гэта старасцю дрэў, а журналісты — тым, што елка еўрапейская больш гістарычная для Ніжняга парку[3].